Вольга Нікалайчык: Я працягваю агітацыю…



Актывістка і кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Вольга Нікалайчык распавяла, чаму не лічыць пазбаўленне яе рэгістрацыі законным.

Прадстаўніцу “Еўрапейскай Беларусі” Вольгу Нікалайчык, якая балатуецца ў дэпутаты па Менскай-Уручскай акрузе №97, пазбавілі рэгістрацыі 25 кастрычніка, але яна працягвае агітацыю да гэтага часу.

Вольга Нікалайчык: Я напісала апеляцыю на пазбаўленне рэгістрацыі, але адказу няма да гэтага часу. Я лічу, што пазбаўленне рэгістрацыі абсалютна беспадстаўнае. І паколькі на маё абскарджванне ніхто не адказаў, то фармальна працягваю лічыць сябе кандыдатам у дэпутаты і працягваю весці агітацыю. Стаю на пікетах ва Уруччы, працую з людзьмі.

РР: Ва ўладаў было шмат прэтэнзій да вашай агітацыйнай дзейнасці…

Вольга Нікалайчык: Калі разабрацца, то ўсе гэтыя прэтэнзіі незаконныя. Напрыклад, заявілі, што я заявай пра “калгасную дыктатуру” абразіла калгаснікаў, распальваю сацыяльную і нацыянальную варожасць. Абсурд нейкі! Насамрэч я хацела данесці да людзей, што сёння сельскую гаспадарку давялі да такой ступені, што каровы стаяць ледзь жывыя ў асобных гаспадарках. Дык гэта нашы кіраўнікі такім чынам абражаюць калгасы, а не я.

Абурыліся чыноўнікі і маімі выступамі пра небяспеку Астравецкай АЭС, якая ў хуткім часе запрацуе. Былі прэтэнзіі да таго, што стаяла не ў тым месцы ля гандлёвага цэнтра, хаця менавіта ахоўнікі гэтага цэнтра мне і не дазволілі агітаваць там, дзе збіралася.

Адным словам, дачэпкі знайшлі, я была гатова да таго, што агітацыю не дазволяць. Спачатку зарэгістравалі, каб паказаць “дэмакратычнасць” выбарчага працэса, а зараз жа не хочуць, каб людзі чулі праўду. “Дэмакратыя” закончылася. Праўда, да таго часу, пакуль не атрымаю афіцыйны адказ на сваю апеляцыю, буду працягваць стаяць у пікетах.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя