Вольга Нікалайчык: Я ў гэтай кампаніі, як рыба ў вадзе



Рэжысёрка і грамадская актывістка Вольга Нікалайчык распавяла, чаму вырашыла прымаць удзел у прэзідэнцкай кампаніі.

Вольга Нікалайчык: Я пагадзілася ўвайсці ў кампанію Мікалая Статкевіча, таму што гэты палітык быў мне заўсёды блізкі. Мужны чалавек, які сядзеў у турме, ні ў каго не прасіў літасці і ніколі не папрасіў бы. Улада сама вымушана была выпусціць Статкевіча на волю, каб атрымаць за гэта нейкія прэферэнцыі ад Захада. Прынцыповы, адукаваны, таленавіты палітык. У кампаніі такога чалавека за гонар знаходзіцца. І кампанія “30 кандыдатаў пратэсту” мне вельмі блізкая. Я ў ёй як рыба ў вадзе.

РР: Якая мэта ўдзелу ў кампаніі?

Вольга Нікалайчык: Хачу выкарыстаць яе, каб можна было легальна праводзіць пікеты. Мне хочацца яшчэ раз легальна схадзіць, што называецца, у людзі, паглядзець беларусам у вочы і запытацца: ці задавальняе вас жыць пры гэтай уладзе? Я лічу, што гэтая кампанія дае нам шанц прыціснуць дыктатуру.

РР: А як ставіцеся да выбара адзінага кандыдата ад апазіцыі?

Вольга Нікалайчык: Для мяне там цікавы толькі адзін кандыдат – Павел Севярынец. Усе астатнія, на мой погляд, не маюць ні вагі, ні мужнасці, ні мудрасці, якая ёсць у Севярынца. Ён шмат перажыў дзеля справы незалежнасці Беларусі, і я яму давяраю.

Я зычу Паўлу перамогі і рада, што мы ідзем рознымі шляхамі да адной мэты. Уладзе будзе больш складана знішчаць два войскі, чым адно.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя