Вольга Завадская: Зняццё санкцый – гэта злачынства
Вольга Завадская (Фота charter97.org)
„Калі Еўразвяз зніме санкцыі з усіх тых, хто находзіцца ў спісе неўяздных у дэмакратычныя краіны, у тым ліку і з падазраваных у цяжкіх злачынствах, то гэта будзе сапраўдным злачынствам”, – лічыць Вольга Завадская, маці выкрадзенага і забітага ў 2000 годзе тэлежурналіста Дзмітрыя Завадскага:
– Для мяне палітыка ўжо даўно стала, і аказваецца яно так і ёсць, бруднай справай. Кожная краіна мае для сябе пэўную мэту змяняючы ці адмяняючы нейкія санкцыі, таму ўсё што робіцца з боку Еўрапейскага звяза, яны робяць гэта для сябе, у любым выпадку я так думаю. Санкцыі прынятыя раней, калі цалкам будуць адмяняцца, то канешне гэта будзе злачынства, бо ўсё ж такі павінна быць нейкая логіка ў іх дзеяннях.
„За тыя 15 год, якія прайшлі з моманту знікнення майго сына, я чакала дапамогі з боку еўрапейскіх ды іншых краін, каб адкрыць праўду пра выкраданне Дзмітрыя. Але зразумела, што ідзе нейкая гульня. Нічога немагчыма дабіцца, быццам наперадзе сцяна”, – распавяла Вольга Завадская.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск