Вопыт рэформаў якіх краін пасуе Беларусі?



“У цэлым, чыноўнікі хочуць рэформаў, але няма дакладнай стратэгіі правядзення апошніх”, – пра гэта заявіла дырэктарка Школы маладых публічных адміністратараў (SYMPA), сацыёлаг Наталля Рабава.

У Беларусі прайшла міжнародная канферэнцыя “Пошук новага балансу: “Як зрабіць сістэму дзяржаўнага кіравання адпавядаючай выклікам, якія стаяць перад Беларуссю”.

“Узровень жыцця ў Беларусі зніжаецца, і людзі разумеюць, што нешта трэба рабіць, – адзначыла Наталля Рабава. – Кожны на сабе адчувае, што нешта трэба змяняць. Рэфармаваць эканоміку трэба, але атрымліваецца, што няма каму гэта зрабіць. Зараз, згодна з даследаваннямі BISS, чыноўнікі ў цэлым хочуць рэформаў, але ж няма дакладнай стратэгіі іх правядзення. І калі кіраўнік краіны заяўляе, што будзем “рэзаць” гэтых рэфарматараў, то зразумела, гэта не вельмі спрыяе натхненню дзяржаўных служачых нешта змяняць”.

Па словах Наталлі Рабавай, Беларусі трэба прыглядзецца да вопыту рэформаў у суседніх краінах, хоць цалкам іх капіраваць не варта.

“Вопыт Эстоніі нам найбольш цікавы ў галіне электроннага ўрада, – кажа яна. – Грамадзянін можа не толькі атрымліваць сервісы ў рэжыме анлайн, але і актыўна ўдзельнічаць ў жыцці краіны – абмяркоўваць нарматыўна-прававыя акты, галасаваць, удзельнічаць у кіраванні краінай. Там грамадзянін нават можа атрымаць магчымасць электроннага грамадзянства. Грузія нам цікава беспрэцэндэнтнай лібералізацыяй і ўсведамленнем, што нельга цалкам браць за аснову чужы вопыт. Нават, калі ён удалы. У ідэале дзяржава павінна ўзяць на сябе ролю суддзі і сачыць за выкананнем правілаў, а не старацца перайграць іншых гульцоў. Вопыт Казахстана для Беларусі таксама  цікавы, бо там рэформы вельмі маштабныя і амбіцыйныя. Краіна ўвайшла ў Топ-50 краін з самай канкурэнтнай эканомікай і зараз хоча ўвайсці ў Топ-30”.

“Мы на гэтым фоне выглядаем слабавата”, – дадала Наталля Рабава.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя