„Вучэнні стануць сігналам аб бесперспектыўнасці размовы з пазіцыі сілы з народамі АДКБ”



Стратэгічныя вучэнні „Захад-2021” прадэманструюць высокую гатовасць армій Беларусі і Расеі да „сумесных дзеянняў па забеспячэнні суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці і незалежнасці Саюзнай дзяржавы”, заявіў начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Беларусі Віктар Гулевіч 9 верасня на адкрыцці вучэнняў.

Цырымонія адбылася на 230-м агульнавайсковым палігоне Абуз-Лясноўскі (Баранавіцкі раён, Брэсцкая вобласць). На ёй прысутнічалі разлікі вайскоўцаў краін — удзельніц вучэнняў, афіцэры міністэрстваў абароны і генеральных штабоў узброеных сіл Беларусі і Расеі са складу Аб’яднанага камандавання рэгіянальнай групоўкі войскаў (сіл) — РГВ (С), а таксама прадстаўнікі Казахстана са складу Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання АДКБ.

„Гэта стане своеасаблівым сігналам для калектыўнага Захаду аб бесперспектыўнасці размовы з пазіцыі сілы з народамі Беларусі, Расеі, Казахстана і іншых краін Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, — цытуе Гулевіча прэс-служба Міністэрства абароны. — Беларуска-расейскія вучэнні, як бы іх ні падавалі на Захадзе, з’яўляюцца элементам падрыхтоўкі войскаў. Армія павінна рыхтавацца да абароны сваіх межаў. Пры гэтым дасягненне зладжанасці сумесных дзеянняў вайскоўцаў нашых краін — гэта найбольш складанае пытанне арганізацыі ўзаемадзеяння, якое мы будзем адпрацоўваць падчас вучэнняў”.

Паводле слоў начальніка Генштаба, арганізатары вучэнняў адкрыты для ўсіх краін-удзельніц АБСЕ, а само правядзенне манеўраў не нясе ніякай пагрозы ні для еўрапейскай супольнасці ў цэлым, ні для суседніх краін у прыватнасці.

„Асаблівасцю вучэнняў у гэтым годзе стала тое, што акрамя ўдзельнікаў РГВ (С) у іх прымуць удзел таксама прадстаўнікі Узброеных сіл Рэспублікі Казахстан, — адзначыў ён. — Гэтым дэманструецца адзінства гатовасці да сумеснага выканання задач усіх краін АДКБ. Падчас вучэнняў будзе адпрацоўвацца вядзенне абарончых баёў, адыход, вядзенне манеўранай абароны і затым правядзенне контрнаступлення ў інтарэсах аднаўлення тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь. Таксама асаблівасцю будзе з’яўляцца тое, што плануецца правядзенне вялікай колькасці дэсантаў: тактычных, аператыўных рознага роду ўзроўняў і маштабаў”.

Гулевіч падкрэсліў, што „Захад-2021” мае „выключна абарончую накіраванасць”.

Як паведамлялася, вучэнні „Захад-2021” пройдуць 10-16 верасня на чатырох беларускіх палігонах (230-ты агульнавайсковы палігон Абуз-Лясноўскі, 174-ты навучальны палігон ВПС і войскаў СПА Даманаўскі, 210-ты авіяпалігон Ружанскі, Берасцейскі палігон) і дзевяці расейскіх палігонах (Кірылаўскі, Стругі Чырвоныя, Муліна, Пагонава, Хмелеўка, Праўдзінскі, Дабравольскі, Дарагабуж, Вольскі).

З боку Беларусі да вучэнняў прыцягваюцца беларуская частка Аб’яднанага камандавання рэгіянальнай групоўкі войскаў (сіл), органы ваеннага кіравання аб’яднанняў і злучэнняў, воінскія часці і падраздзяленні ВПС і войскаў СПА, сіл спецыяльных аперацый, аператыўных камандаванняў, родаў войскаў, спецвойскаў, узбраення і тылу, тэрытарыяльнай абароны, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў.

З боку РФ у манеўрах будуць удзельнічаць расейская частка Аб’яднанага камандавання РГВ (С), упраўленне 1-й танкавай арміі, частка злучэнняў і воінскіх часцей армейскага камплекта, авіяцыя Ваенна-касмічных сіл Расеі са складу расейскай часткі РГВ(С).

Да часткі вучэнняў, якія пройдуць на тэрыторыі Беларусі, прыцягнуць каля 12,8 тысяч чалавек, у тым ліку каля 2,5 тысяч расійскіх вайскоўцаў і да 50 казахстанскіх вайскоўцаў са складу Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання АДКБ. Таксама будзе задзейнічана да 350 адзінак бранятанкавай тэхнікі (у тым ліку каля 140 танкаў), каля 110 адзінак артылерыі і ракетных сістэм залпавага агню, больш за 30 самалётаў і верталётаў.

На тэрыторыі РФ ад Узброеных сіл Беларусі ў вучэннях будуць удзельнічаць каля 400 вайскоўцаў, задзейнічаюць больш за 30 адзінак баявой тэхнікі.

Да 30 верасня асабісты склад, узбраенне, ваенная і спецыяльная тэхніка беларускай арміі вернуцца ў пункты пастаяннай дыслакацыі, а воінскія часці і падраздзяленні ВС Расеі пакінуць тэрыторыю Беларусі.

БелаПАН

Фота: belta.by