Вячаслаў Сіўчык аштрафаваны на 45 базавых



Стваральнік Руху салідарнасці „Разам” Вячаслаў Сіўчык аштрафаваны судом Партызанскага раёна Менску на 45 базавых велічынь, ці 1035 рублёў. Ён пакараны за ўдзел у мітынгу „Дзень беларускай вайсковай славы”, які адбыўся ў Менску 8 верасня.

Справа разгледжана ў адсутнасць Вячаслава Сіўчыка. Для яго штраф стаў пэўнай нечаканасцю – палітык рыхтаваўся да арышту. „Але ж гэта незаконны прысуд. Таму што судзіць за патрыятычную акцыю – абсурд. Аднак, нягледзяы на гэта, ужо асуджаны да арышту Мікалай Статкевіч і Уладзімір Някляеў”, – нагадаў Вячаслаў Сіўчык.

– Сённяшняе паседжанне паказвае, што ніякага незалежнага суда ў Беларусі няма. Чаму яны прымаюць тыя ці іншыя рашэнні, таксама цяжка зразумець, бо мае калегі, якія былі на працэсе, таксама былі ўпэўненыя, што мяне пакараюць арыштам. Я думаю, што грамадства мусіць усё роўна рэагаваць на любыя рэпрэсіўныя захады гэтага рэжыму. У тым ліку і на штрафы, якія таксама з’яўляюцца формай рэпрэсій. Яны абсалютна незаконныя.

Незаконныя таму, што ўсе грамадзяне маюць права  на мірны, у тым ліку і вулічны, пратэст, – падкрэсліў Вячаслаў Сіўчык.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск