Вячаслаў Сіўчык: Будзем судзіцца
У Беларусі надалей не рэгіструюць незалежныя грамадскія аб’яднанні. Міністэрства юстыцыі разгледзела заяву Руху салідарнасці “Разам”. Услед за партыяй БХД арганізацыя, зарэгістраваная ў трох еўрапейскіх краінах, атрымала фармальны адказ з беларускага ведамства. “Падставай нерэгістрацыі стала адсутнасць працоўнага тэлефона ў аднаго з заснавальнікаў,” – гаворыць кіраўнік Руху Вячаслаў Сіўчык:
– Адмова ў рэгістрацыі не падмацоўвалася ніякімі сур’ёзнымі дакументамі, таму мы будзем падаваць у суд на гэтае незаконнае рашэнне, якое чарговы раз засведчыла, што ўлада Беларусі не можа выконваць свае функцыі на 22-ім годзе кіравання Аляксандра Лукашэнкі.
“Таму трэба судзіцца з уладай, якая не хоча працаваць, хаця б для гісторыі,” – адзначыў Вячаслаў Сіўчык.
Бліжэйшым часам заснавальнікі Руху салідарнасці „Разам” складуць скаргу ў судовую інстанцыю. Нагадаем, што апошняй зарэгістраванай у краіне арганізацыяй стаў легалізаваны ў 2008 годзе “Рух за Свабоду” Аляксандра Мілінкевіча.
Беларускае Радыё Рацыя