Вячаслаў Сіўчык: Гэта ўжо больш чым тэатр-абсурду



У Менску працягваецца судовы канвеер за антыінтэграцыйныя акцыі. У прыватнасці, цягам гэтага тыдня штодзень будуць адбывацца суды над лідарам Руху салідарнасці «Разам» Вячаславам Сіўчыкам.

Сам палітык цяпер знаходзіцца ў Беластоку. Ягоны камэнтар:

– Тое, што адбываецца па маіх справах у судзе Партызанскага раёна горада Менска, – гэта нават больш, чым тэатр-абсурду. Я ўпершыню з такім сутыкаюся. Чамусьці сённяшняя ўлада вырашыла мяне судзіць штодзень. Я ўвогуле ніякага дачынення да Партызанскага раёна не маю, я там не пражываю, ніякіх акцый у гэтым раёне не адбывалася. І навошта столькі суддзяў трэба было на мяне аднаго кідаць? Яны на тыдні з панядзелка да пятніцы рознымі суддзямі ў адным судзе мяне судзяць за ўдзел у снежаньскіх акцыях у абарону незалежнасці і суверэнітэта Рэспублікі Беларусь.

У судзе Партызанскага раёна Менску сёння пасля некалькіх пераносаў з-за адсутнасці Сіўчыка ўсё ж пачалі разглядаць ягоную справу. Яна тычыцца ўдзелу ў акцыі 8 снежня. Суддзя – Анатоль Барысёнак. У працэсе абвешчаны перапынак да 17.00 беларускага часу.

Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя