Вячаслаў Сіўчык: Мы мусім быць разам
„10 год Плошчы-2006”, – пад такой назвай у Менску прайшоў круглы стол прысвечаны 10-годдзю акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы сталіцы на знак нязгоды з фальсіфікацыяй прэзідэнцкіх выбараў 19 сакавіка 2006 года. Гэта была адна з самых масавых і працяглых акцый пратэсту ў гісторыі Беларусі. Яна адбывалася з 19 па 24 сакавіка 2006 года. Улады жорстка разагналі яе, сотні чалавек былі арыштаваныя.
Вячаслаў Сіўчык быў тады камендантам намётавага мястэчка, якое з’явілася на плошчы:
– Мне трэба было тады і цяпер толькі адно, каб Беларусь была вольнай, еўрапейскай краінай. Я абсалютна ўдзячны кожнаму чалавеку, які быў на плошчы. Гэта быў подзвіг асабісты і вельмі хацелася б, каб мы сапраўды ўсе разам вярнуліся хаця б да духу плошчы Каліноўскага таму, што мы мусім быць разам. Я хацеў бы выкарыстаць мой выступ, каб заклікаць падтрымліваць сваіх, бо калі не будзе кансалідацыі беларускай эліты, то далей будуць больш страшныя падзеі, чым былі ў 2006 годзе.
Увечары 19 сакавіка кандыдаты ў прэзідэнты Казулін і Мілінкевіч заявілі прысутным на Кастрычніцкай плошчы Менску 10 тысячам чалавек (усяго ў мітынгу ўдзельнічала каля 30 тысяч чалавек), што выбары не адпавядалі волевыяўленню народа, бо іх сфальсіфікавалі.
Нягледзячы на затрыманні, дэманстрацыя пратэсту працягвалася на плошчы 5 дзён. На світанку 24 сакавіка міліцыянты ліквідавалі намётавае мястэчка. 460 чалавек, якія знаходзіліся там, былі арыштаваныя міліцыяй.
Валяеціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя