Вячаслаў Сіўчык: Нельга, каб улада перадавалася ў спадчыну
Рашэнне Савету Еўразвязу аб прыпыненні санкцый супраць беларускага рэжыму – гэта заўчасны крок, – лічыць кіраўнік Руху Салідарнасці „Разам” Вячаслаў Сіўчык.
Хаця ў Беларусі і адбыліся знакавыя падзеі – вызваленне палітычных зняволеных і грамадзянаў, якія былі арыштаваны за палітычнае графіці, але беларуская нацыя не мае права выбіраць уладу. Той абуральны выбарчы фарс, які адбыўся ва ўсіх на вачах, ён практычна перакрэслівае любыя магчымасці для дэмакратызацыі Беларусі:
– Каб гэты крок Захада не быў фатальнай памылкай і не прывёў да таго, што дыктатарскі рэжым будзе фінансавацца зараз Захадам, а пасля беларусы вымушаныя будуць аддаваць гэтыя крэдыты. Таму трэба сфармаваць, якія выбары мусяць быць у Беларусі. Для гэтага апазіцыя павінна аб’яднацца. Неабходна ўжо сёння ставіць пытанне пра тое, што выбары ў Беларусі могуць адбыцца толькі пры пэўнай умове. Гэта так званыя чатыры ўмовы АБСЕ, прынятыя яшчэ ў мінулым стагоддзі, пад якімі падпісаўся дыктатар, і якія ён не выконвае.
Да гэтых умоваў трэба дадаць і яшчэ адну, – фармаванне выбарчых камісій па прынцыпу 50 працэнтаў ад улады, 50 – ад апазіцыі. Інакш нельга дабіцца празрыстасці і сумленнасці падліку галасоў. І Беларусь, калі механізм фальсіфікацыі не будзе пераадолены, можа дайсці да таго, што ўлада будзе перадавацца па спадчыннаму прынцыпу, як у Азербайджане, ці як у сярэдневеччы, – лічыць Вячаслаў Сіўчык.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя