Вячаслаў Сіўчык падаў скаргу ў Менскі гарадскі суд
Актывіст апазіцыі і лідар руху салідарнасці „Разам”, Вячаслаў Сіўчык, распавёў, ці падаваў на яго заяву Уладзімір Пуцін:
Вячаслаў Сіўчык: Я падаў скаргу ў Менгарсуд на прысуд суда Цэнтральнага раёна. Справа ў тым, што мяне завочна судзілі па трох пратаколах: за ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні 23 верасня і 4 кастрычніка і за тое, што я, быццам бы, «оскорбил лидера соседнего дружественного государства». Дык вось, я і напісаў скаргу ў Менскі гарадскі суд, што да маіх стасункаў з Уладзімірам Пуціным. Таму што, па-першае, я не ведаю, ці была заява пацярпелага Пуціна, а гэта неабходна пры разглядзе адміністрацыйнай справы, калі мяне ўжо такім чынам абвінавачваюць. Па-другое, я ж не лаяўся ў грамадскім месцы, а сказаў «Хуцін – пуйло». Дзе тут хто убачыў лаянку?
РР: Вы спадзяецеся на справядлівасць?
Вячаслаў Сіўчык: Я, натуральна, разумею, што ніякага справядлівага суда ў Беларусі даўно няма, але ж трэба паказаць вельмі характэрную рысу – тое, што беларускія міліцыянты вельмі ўжо абараняюць лідара суседняй краіны. Гэта надта небяспечная тэндэнцыя.
РР: Колькі агулам штрафаў вы павінны заплаціць?
Вячаслаў Сіўчык: Усяго прысудзілі 10 мільёнаў 800 тысяч, але я яшчэ нічога не плаціў, бо абскарджваю рашэнні суда. І наогул, я лічу, што гэта дзікунскія пратаколы, і такія ж прысуды.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара