Вячаслаў Сіўчык пра беларускія акцыі ва Украіне



Яшчэ з канца 80-ых бел-чырвона-белыя сцягі сталі неад’емнымі складнікамі ўкраінскага палітычнага краявіду. Беларуская дыяспара Кіева брала ўдзел і ў акцыі “Украіна без Кучмы”, і ў Першым Майдане, і ў Рэвалюцыі Годнасці.

Апошнім часам ці не большасць акцый пратэсту кіеўскіх беларусаў праходзіць каля беларускай амбасады. Ці ёсць плён з такіх акцый? Чаму пад беларускую амбасаду прыходзяць і ўкраінскія актывісты? Чаму сучасная Беларусь у вачах шматлікіх украінцаў падаецца гэткім “райскім месцам”?

Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война гутарыць з беларускім палітэмігрантам Вячаславам Сіўчыкам, каардынатарам гэтых акцый ва ўкраінскай сталіцы.

Siuczyk_Kieu

РР: Амаль штотыдзень каля беларускай амбасады ў Кіеве арганізуюцца пратэстныя акцыі. Чалавек, абазнаны ў беларускіх рэаліях, мае права запытацца: “А які ад іх плён?”

Вячаслаў Сіўчык: Была антыімперская акцыя, дзе мы дэманстратыўна спалілі так званыя “георгіеўскіе стужкі”, якія насамрэч уласаўскія. Гэтымі стужкамі цяпер засмечваюць Беларусь. Быў перададзены зварот да беларускіх уладаў з патрабаваннем забараніць гэтыя сімвалы паслугачоў Гітлера. Натуральна, у Беларусі такую акцыю правесці немагчыма, і ў Беларусі, у адрозненне ад Кіева, такая акцыя не атрымала б розгаласу. Ва Украіне існуюць незалежныя медыя, і заблакаваць інфармацыю проста немагчыма. Нядаўна мы праводзілі акцыю салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю.

РР: Беларускія дзяржаўныя медыя ўжо адгукнуліся на пратэстныя акцыі, і асабліва – на ўдзел у іх украінскіх актывістаў. Прагучала стандартнае звінавачванне: “А гэтыя БНФ-аўцы ім проста заплацілі…”

Вячаслаў Сіўчык: Заўсёды, калі мы праводзім акцыі з нашымі пабрацімамі, можна чакаць істэрычных рэакцый. Так было і дзесяць гадоў таму, так ёсць і цяпер. Натуральна, украінцы нас падтрымліваюць. Натуральна, ва Украіне шмат людзей, якія нас выдатна разумеюць. У нас тут досыць добрая падтрымка, і нам не трэба плаціць за нашыя беларускія акцыі.

РР: Беларусь шамат для якіх украінцаў – краіна неверагодна заміфалагізаваная. Нават людзі, якія былі на Майдане і цяпер ваююць на ўсходзе, перакананыя, што ў Беларусі – кісейныя рэкі, малочныя берагі, сярэдняя зарплата мінімум тысяча даляраў і ўвогуле – “залатыя часы”… Адкуль бяруцца такія міфы?

Вячаслаў Сіўчык: Гэта пастаўленая Лубянкай агітацыйная кампанія. Масква заўсёды разглядала цяперашнія менскія ўлады як спробу рэстаўраваць Савецкі Саюз. Таму яны і ўганялі такія міфы праз СМІ. Агітацыя вядзецца не адно дзесяцігоддзе, і таму яна ўплывае нават на тых людзей, якія маюць антыімперскую і антыпуцінскую пазіцыю. Датаго ж, я не бачу ніводнага ўкраінскага палітыка, які мае акрэсленую праўкраінскую пазіцыю наконт Беларусі. Нас свядома робяць ва Украіне нейкім “далёкім замежжам”, свядома даводзяць украінскім палітыкам, што не так важна, што цяпер адбываецца ў Беларусі. Але ж украінцы вельмі і вельмі прыхільна да нас ставяцца, і мы заўсёды можам абапірацца на нашых пабрацімаў.

Вячаслаў Сіўчык нарадзіўся ў 1962 годзе ў Менску. Скончыў геаграфічны факультэт БДУ. Працаваў навукоўцам у Гаграх, геолагам у Беларусі, займаўся пытаннямі экалогіі ў Беларускай Акадэміі Навук.

Адзін з арганізатараў шматлікіх пратэстных акцый, за якія неаднаразова цярпеў ад беларускіх уладаў.

Марцін Война, Беларуская Радыё Рацыя