Вячаслаў Сіўчык пра „казус Канапацкай” і раз’яднаную апазіцыю



Не сціхаюць абмеркаванні вынікаў галасавання ў Палату прадстаўнікоў. Большасць беларускіх і замежных сродкаў масавай інфармацыі перадусім звяртаюць увагу на тое, што ўпершыню сярод 110 дэпутатаў апынуліся прадстаўнікі беларускай апазіцыі.

siuczyk_2-833x400

У студыі Беларускага Радыё Рацыя вядомы беларускі грамадскі і палітычны дзеяч Вячаслаў Сіўчык.

РР: Як Вы ацэньваеце тое, што ў беларускай “палатцы” з’явіліся два прадстаўнікі ад апазіцыі?

Вячаслаў Сіўчык: Усе ў апазіцыі адзінадушныя ў тым, што цягам 20 год у краіне не было выбараў. Беларускі народ 20 гадоў пазбаўлены права выбіраць уладу. І я заўсёды расцэньваў тое, што адбываецца, пачынаючы з 1996 года на псеўдавыбарчых фарсах,  як здзек над беларускім народам. Тое, што адбылося на гэтых выбарах, я называю “казус Канапацкай”. Дзве прадстаўніцы апазіцыі былі прызначаныя сённяшнім рэжымам, як і астатнія 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

ТБМ – гэта грамадская арганізацыя, і праход Алены Анісім я больш звязваю з той гуманітарнай катастрофай, якую мы ўсе бачым. Бо тое, што робяць з беларускай мовай і беларусай культурай проста невыносна. Тут, думаю, ёсць ужо разуменне ўладаў, што так далей адбывацца не можа. Вельмі хацелася б, каб спадарыня Анісім выконвала ролю “моўнага паліцэйскага”. Магчыма яе прызначэнне паспрыяе таму, каб крыху змяніўся статус беларускай мовы і каб беларускася адукацыя нарэшце з’явілася ў Беларусі. Бо гэта нонсенс, што 10-мільённая краіна ў 21-м стагоддзі не мае ўніверістэта на сваёй мове.

Што тычыцца Ганны Канапацкай – прадстаўніцы АГП, то яе мандат – гэта заслуга Захаду. На столькі рэжым Лукашэнкі ацаніў Захад. Гэта слабы крок Лукашэнкі, бо што азначае адзін мандат?

Але ў той сітуацыі, у якой апынулася Беларусь, трэба выкарыстоўваць усе магчымасці, якія ёсць, бо мы не ведаем, што будзе з нашай краінай заўтра. У чым вінавата наша апазіця? Пры тым рэжыме, які ёсць у Беларусі сёння, мець неаб’яднаную беларускую апазіцыю – гэта глупства. І, натуральна, рэжым прызначыў Канапацкую у тым ліку і з той мэтай, каб і надалей расколваць беларускую апазіцыю. І абмеркаванне вакол апазіцыйных кандыдатаў адбываецца якраз у гэтым няхітрым рэчышчы, каб людзі самі сябе елі, незаўважаючы самага галоўнага.

Гэтае 20-годдзе выбарчага беззаконня проста так не знікне, таму на павестцы дня стаіць не толькі аб’яднанне апазіцыі, каб яна стала суб’ектам і магла ўплываць на сітуацыю ў краіне, але і змена планаў наконт будучых выбараў.

РР: Навошта былі прызначаны дзве асобы? Каб бачыў Захад?

Вячаслаў Сіўчык: Я працытую выказванне з Фэйсбуку: “На ранейшы склад Палаты прадстаўнікоў у Лукашэнкі не хапіла грошай”. Я думаю, тут дастаткова жорстка і дакладна ўсё пададзена. Патрэбныя грошы, заходнія крэдыты, а для гэтага трэба хоць штосьці зрабіць. У разуменні Лукашэнкі мандат Канапацкай – і ёсць гэтае “штосьці”. Больш за тое, гэта і на Захадзе ўспрымаецца.

Але і апазіцыя нешта выйграла, бо як я казаў, невядома, што будзе заўтра. І магчыма пасля гэтая пасада ў Палаце прадстаўнікоў вельмі спатрэбіцца. Гэта магчыма як падчас нейкіх знешніх забурэнняў у адносінах да суверэнітэту і незалежнасці Беларусі, так і пры ўнутры беларускіх падзеях. Я б пажадаў спадарыні Канапацкай беларускай упартасці і спакою, бо ніколі за апошнія 20 гадоў не было, каб дэпутат Палаты прадстаўнікоў абіраўся менавіта ў якасці прадстаўніка апазіцыі і казаў на сваіх прэс-канферэнцыях, што ён – прадстаўнік апазіцыйнай партыі і будзе прасоўваць палітыку апазіцыі ў Палаце прадстаўнікоў.

Што тычыцца сёлетняга выбарчага фарса, то нічога новага, акрамя мандата Канапацкай, не адбылося. Рэжым гэты фарс удала праводзіць, бо яму заўсёды ўдаецца раз’яднаць апазіцыю. Адразу пачынаецца барацьба ўнутры – хтосьці за байкот, хтосьці – за ўдзел. Але байкот і ўдзел магчымы толькі тады, калі мы маем нейкі канкрэтны план. У нас жа проста адбываецца псеўдавыбарчая кампанія, падчас якой адна частка апазіцыі пляжыць другую, а ўлада спакойна абірае сама сябе. Для таго, каб нечага дабіцца, апазіцыя мусіць аб’яднацца. Чаму гэтага не разумеюць у Беларусі? Відаць таму, што рэжым вельмі зацікаўлены, каб апазіцыя была ў тым стане, у якім яна ёсць.

Нас беларусаў мусіць аб’яднаць і яшчэ адзін жахлівы фактар – гэта існаванне рэжыму Пуціна ў Расеі з ягонай экспансіяй у краіны так званага “Рускага свету”. А маркерам яго з’яўляецца якраз расейская мова, якая паўсюдна ўжываецца ў Беларусі. У гэтых умовах не толькі апазіцыя, а наогул усе здаровыя сілы беларускага грамадства мусяць аб’яднацца.

Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя