Вячаслаў Сіўчык: Саюз з Расеяй – гэта вайна



У беларусаў толькі адзін інструмент, каб паўплываць на працэс перамоваў паміж кіраўнікамі Беларусі і Расеі – пратэставаць, – кажа лідар Руху салідарнасці „Разам” Вячаслаў Сіўчык. У нашым эфіры ён праанансаваў чарговую пратэстную акцыю і заклікаў выйсці на плошчу Каліноўскага ў Менску 29 снежня а 12-й гадзіне. 

Сёння беларусы як ніколі павінны ў голас выказацца супраць планаў інтэграцыі, кажа Вячаслаў Сіўчык.

Вячаслаў Сіўчык: Быў заклік выйсці на плошчу Каліноўскага 29 снежня а 12-й гадзіне. У першую чаргу гэта тлумачылася той інфармацыяй, якая прайшла 23-24 снежня, калі Круты ад ураду Беларусі, а з другога боку – Мядзведзеў ад ураду Расеі далі вельмі пагрозлівую інфармацыю, што 30 дарожных картаў ужо ўзгоднены. І засталася толькі адна, якая цалкам перакрэслівае суверэнітэт Беларусі. Уся балбатня Лукашэнкі, што ён з Пуціным дамовіўся, і ніхто гэтае пытанне падымаць не будзе, аправергнута з Крамля, дзе было сказана, што розніцы паміж Пуціным і Мядзведзевым у падыходах да Беларусі няма. Таму сітуацыя вельмі пагрозлівая. І тое, што людзей арыштавалі, сітуацыя сапраўды ўнікальная. Людзі выйшлі ў абарону незалежнасці. І аказалася, што ў нас не ўлада, а пуцінскія халуі. Таму арышты і масавы пераслед людзей паказваюць, што сітуацыя вельмі сур’ёзная.

І, нягледзячы на святы, на тое, што натуральна, ніхто не хоча трапляць пад рэпрэсіі, я ўсё ж такі заклікаю беларусаў выходзіць заўтра на плошчу, бо саюз з Расеяй – гэта вайна. І могуць быць абсалютна трагедыйныя падзеі. Бо чаму свядома гэтыя рэпрэсіі праводзіць лукашэнкаўскі рэжым?  Проста каб паказаць, што беларусы маўчаць і самі не пратэстуюць. Вы ведаеце, што абсалютная большасць беларусаў супраць саюза з Расеяй. Але ж улада ад беларусаў не залежыць. Яшчэ раз падкрэслю, што ўсе гэтыя суды незаконныя, бо і Канстытуцыя, і беларускае заканадаўства дазваляюць зараз выходзіць на плошчу, асабліва калі ўлічваць, што ні  змест перамоваў паміж Лукашэнкам і Пуціным, ні гэтыя дарожныя карты мы не ведаем, і не ведаем, наколькі прадалі нашую краіну. Але ж гэта нашая Айчына і мы не можам дазволіць гандляваць нашай Бацькаўшчынай.

РР: Вы сказалі, што саюз з Расеяй – гэта вайна. Што Вы мелі на ўвазе?

Вячаслаў Сіўчык: Вы мусіце памятаць, як развярнуў гэтую недаімперыю Пуцін. Была Другая каўказская вайна адразу, як ён прыйшоў да ўлады. Пасля 2008 год – Грузія, 2014 – Украіна.  А зараз не да канца нават зразумела, дзе расейскія войскі знаходзяцца, дзе ваююць – Сірыя, Венесуэла, недзе ў Афрыцы. 

Саюз з Расеяй – гэта не толькі вайна, гэта яшчэ і галеча. Я памятаю, як Лукашэнка яшчэ не быў пры ўладзе, мы жылі лепш, чым палякі. Цяпер – як жывуць палякі і як жывуць беларусы, дзякуючы саюзніцкім адносінам з Расеяй? Гэта неба і зямля. Арыентацыя на Маскву прынясе беднасць беларускаму народу. Але ж ёсць рэчы і больш страшныя. За ўсім гэтым будзе ісці тое, што найбольш патрэбна Крамлю – гэта вайсковая інтэграцыя. Для беларускай нацыі, якая перажыла дзве імперыялістычныя вайны гэта страшна. Цяпер страшна выходзіць на плошчу, але трэцяя імперыялістычная вайна не будзе лепшай для нашай нацыі. Таму нельга дапусціць, каб расейскія войскі ўслед за гэтымі дарожнымі картамі з’явіліся на нашай тэрыторыі. Тады ўсё будзе вісець літаральна на валаску, бо побач і краіны Балтыі, і Польшча, якія ўваходзяць у НАТА. І сапраўды могуць быць вельмі трагедыйныя падзеі для ўсёй Еўропы.

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:

Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя