Вячаслаў Сіўчык: У снежні можа ўзнікнуць крытычная сітуацыя на мяжы Беларусі і Украіны



Канфлікт на беларуска-польскай мяжы лідар Руху Салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык лічыць гібрыднай вайной. Завадатар гэтага – пуцінска-лукашысцкі тандэм.

Польшча паказала рашучасць і сілу ў гэтай вайне. Самы трагічны стан у беларусаў, лічыць Вячаслаў Сіўчык:

– Лукашысцка-пуцінскія хаўруснікі, я казаў пра гэта даўно, яшчэ да таго, як на межах усё пачалося, натуральна, зацікаўленыя не толькі ў тэроры супраць беларусаў. Гэта заўжды комплексна. Таму што акрамя таго, што яны знішчаюць беларусаў і дастаткова масава праз каронавірус, праз рэпрэсіі, яны знішчаюць нацыянальныя каштоўнасці беларусаў на вачах усяго свету. Падчас пратэстаў па ўсёй Беларусі гучалі толькі тры патрабаванні – гэта новыя выбары, вызваленне палітвязняў і пакаранне карнікаў. На жаль, пасля пайшлі размовы пра некія перамовы з бандай. Да апошняга абвастрэння на польска-беларускай мяжы ўзнікла таксама дастаткова штучная дыскусія наконт санкцый. Не ведаю, як цяпер людзі, якія там дыскутавалі, сябе адчуваюць, калі яны бачаць, як Масква падрыхтавала новы этап і ў межах гэтай гібрыднай вайны яны зараз ціснуць Захад. І Захад завагаецца.

РР: Ці згодныя Вы з тым, што сказаў дзяржсакратар ЗША Блінкен у тэлефоннай размове з міністрам замежных спраў Польшчы? Ён мяркуе, што сітуацыя на беларуска-польскай мяжы створана для таго, каб здзейсніць агрэсію Расеі супраць Украіны.

Вячаслаў Сіўчык: Абсалютна згодны. Пуцінска-лукашысцкі тандэм будзе правакаваць збройныя канфлікты з усімі суседзямі. І натуральна невыпадкова перакідванне з аднаго суседа Беларусі на другога. Я вельмі баюся ў звязку з тым, што цяпер накопліваюцца расейскія вайсковыя сілы на межах Украіны, менавіта ў снежні можа ўзнікнуць крытычная сітуацыя ўжо на мяжы Беларусі і Украіны.

Паводле палітыка,  беларусам трэба набрацца смеласці і рашучасці, каб  вырвацца з абдымкаў крывавага пуцінска-лукашэнкаўскага ФСБ-КДБ і не паміраць за іх інтарэсы ў зонах канфліктаў, якія распальвае Крэмль. Больш пра гэтую трагічную праблему можна будзе пачуць у публіцыстычнай перадачы „Мы бачым” сёння, 19 лістапада, у 21.30 па беларускім часе, па польскім – на 2 гадзіны раней.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя