Вячаслаў Сіўчык: Візіт Вашчыкоўскага не падштурхне Беларусь да дэмакратызацыі
Старшыня Руху салідарнасці „Разам” Вячаслаў Сіўчык лічыць, што візіт міністра замежных справаў Польшчы Вітольда Вашчыкоўскага ў Беларусь не вядзе да станоўчых зменаў у адносінах з Захадам і не падштурхне да дэмакратызацыі Беларусі.
Па словах беларускага палітыка, некаторыя выказванні кіраўніка МЗС Польшчы яго насцярожылі. Напрыклад, слушныя на першы погляд словы пра тое, што Беларусь павінна ісці да волі і незалежнасці эвалюцыйна.
– Калі ён выбірае эвалюцыю, то няхай бы патлумачыў свае словы. Гэта азначае перадаць уладу Мікалаю Лукашэнку праз 20 гадоў ці штосьці іншае? Гэты візіт, магчыма, і небяспечны. Бо Масква, на якую арыентаваны Аляксандр Лукашэнка, нікуды не падзелася. І пакуль ніякіх нармальных крокаў, звязаных з Беларуссю, у межах гэтага візіту я не бачу.
Таму няма ніякіх падстаў сцвярджаць, што візіт дэманструе выхад беларускай улады з-пад уплыву Масквы, як лічыць Вячаслаў Сіўчык.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск