Вячаслаў Сіўчык: Вяртанне пасля пяці гадоў эміграцыі
Яшчэ адзін палітычны эмігрант вярнуўся на радзіму ў Беларусь. Тыдзень таму стала вядома пра вяртанне экс-кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча, цяпер на вакзале ў Менску паплечнікі і сваякі сустракалі лідара Руху салідарнасці “Разам” Вячаслава Сіўчыка.
РР: Вы думалі пра гэта раней, ці прыклад Алеся Міхалевіча натхніў на такое рашэнне ўсё ж цяпер вярнуцца на радзіму?
– Па-першае, мне вельмі прыемна адказваць на пытанні Радыё Рацыя, таму што менавіта вашая радыёстанцыя спакойна давала інфармацыю пра мой прыезд, пачынаючы з чэрвеня месяца. Гэта было абсалютна лагічнае і прадуманнае рашэнне, звязанае з тым, што недзе ў чэрвені я звярнуўся да сябраў і прыхільнікаў Руху салідарнасці “Разам” з заклікам уступаць у ініцыятыўную групу Мікалая Статкевіча і зрабіць яе масавай. Натуральна, што ў гэтым выпадку я павінен быў браць на сябе пэўныя абавязкі, і ў гэтым звароце я адзначыў, што вярнуся ў Беларусь. Мае калегі ведалі, што апошняй маёй акцыяй ва Ўкраіне стане святкаванне Дня беларускай вайсковай славы ў Львове, і дасягненне дамоўленасці наконт магчымага прадстаўніцтва офіса Мікалая Статкевіча ў Кіеве. Таму, у прынцыпе, дата майго вяртання была ўсім вядомая.
РР: Вы ўжо маеце планы на сваю бліжэйшую перспектыву? Ці гэта палітычная дзейнасць, звязаная з выбарамі? Вядома, што вы і Рух падтрымліваеце Мікалая Статкевіча…
– У першую чаргу, мы будзем праводзіць тыя традыцыйныя акцыі Руху салідарнасці “Разам”, якія мы праводзім ужо не адзін год. Наступная акцыя плануецца 17 верасня ў Бярозе Берасцейскай вобласці. Штогод у гэты дзень мы наведваем Бярозу, дзе, як вядома, быў канцлагер у часы міжваеннай Польшчы. Гэта абсалютна традыцыйная акцыя, на якой я ўжо буду сам прысутнічаць. Агулам мы праводзім розныя акцыі. Што ж тычыцца выбарчага фарсу, то Рух ад пачатку дэманстраваў сваю падтрымку Мікалаю Статкевічу, мы бачым яго лідарам наогул апазіцыі, аб’яднанай апазіцыі, нам вельмі хацелася б, каб так і адбылося, хоць, натуральна, не ўсё ў нашых сілах.
РР: Ці перад вяртаннем былі ў вас засцярогі, ці можа ўжо адчулі, як прыехалі на станцыю ў Менску, увагу з боку праваахоўнікаў, спецслужбаў, якая, як можна чакаць, будзе на вас звернутая?
– Хто ведае маю біяграфію, той ведае, што ў маім жыцці рознае было. Я неаднойчы асабіста сутыкаўся з прававым бязмежжам, у прынцыпе, мяне мала чым можна здзівіць. Я не маю нейкіх ілюзій, ці “дурных” планаў на бліжэйшую перспектыву, я цудоўна разумею, што такое сённяшні рэжым, я цудоўна разумею, што ён вынішчае беларускую нацыю. А я заўсёды быў працаўніком беларускай справы, і надалей буду ўсё рабіць, каб Беларусь была.
РР: Ці офіс Руху салідарнасці “Разам”, які працуе ў Кіеве, працягне сваю дзейнасць пасля вашага вяртання ў Беларусь?
– Я вельмі хачу, каб нашыя кіеўскія калегі, але таксама і варшаўскія, працягвалі арганізоўваць акцыі, каб гэтыя акцыі не закончыліся ў гэтых гарадах з маім ад’ездам.
Грамадскі і палітычны дзяяч Вячаслаў Сіўчык вядомы як арганізатар вулічных акцый дэмакратычнай апазіцыі, у тым ліку Дня волі і Чарнобыльскага шляху. Неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за сваю грамадскую дзейнасць, праходзіў праз суды і арышты.
Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 году і акцыі пратэсту супраць іх фальсіфікацыі вымушана пакінуў краіну пад пагрозай пераследу. Ён стварыў Беларускі цэнтр ва Ўкраіне, адным з напрамкаў дзейнасці якога стала правядзенне акцый салідарнасці з беларускімі палітычнымі вязнямі.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя