Вячаслаў Сіўчык: Захад павінен афіцыйна абвесціць “апалчэнцаў” тэрарыстамі



Лідар руху салідарнасці „Разам” Вячаслаў Сіўчык, які зараз знаходзіцца ў Кіеве, распавядае, якая ў гэты момант абстаноўка ва ўкраінскай сталіцы і як адтуль бачыцца вайна на ўсходзе краіны.

114450441_Wf1wQ6BP_xc

РР: Пуцін заявіў, што “калі б я захацеў, то змог бы ўзяць Кіеў за два тыдні”. Як украінцы ўспрымаюць гэтыя словы?

Вячаслаў Сіўчык: У самім Кіеве сітуацыя спакойная. Адзінае, што нагадвае пра вайну – у горадзе багата людзей у камуфляжах, якія ці то вяртаюцца з фронту, ці то адпраўляюцца на ўсход краіны. А словы Пуціна тыя ўкраінцы, якіх я пачуў, успрынялі вельмі іранічна і як шантаж, бо Кіеў не збіраецца рабіцца расейскім. Для таго, каб захапіць украінскую сталіцу, расейцам прыйдзецца пакласці вельмі шмат сваіх людзей. Пуцінскі пафас вельмі нагадвае тое, што ў свой час казаў Грачоў пра адзін батальён для захопу Грознага. Як вядома, замест батальёна і хуткага захопу былі дзве чачэнскія вайны. Магчыма, расейскі кіраўнік пра гэта забыўся, як забыўся і пра тое, што Украіна – гэта не Чачня. Я вельмі спадзяюся, што ўжо напрыканцы гэтага года Крамлю трэба будзе думаць не пра паходы на Кіеў, а пра тое, як выжыць. Расею загналі ў такую пастку, што выйсця проста няма.

РР: Ці могуць Луганская і Данецкая вобласці, у рэшце рэшт, стаць падконтрольнымі Расеі тэрыторыямі?

Вячаслаў Сіўчык: Гэта якраз і ёсць бліжэйшая мэта Крамля. На мой погляд, ніякіх аб’ектыўных нагодаў для такой схемы няма, але ж краіны Захаду не прымаюць адпаведных захадаў, каб афіцыйна абвесціць “апалчэнцаў” тэрарыстамі. Няма да гэтага часу і нармальных санкцый. Вось апошнія паўгода гэтыя “апалчэнцы” і робяць, што ім заўгодна. Чалавек, які на тэрыторыі сваёй краіны бярэ ў рукі зброю, страляе і забівае – хто ён? Апалчэнец? Не – гэта злачынца і тэрарыст. Запытайце пра гэта ў кіраўніка любой кріаны. А хто дае зброю гэтым тэрарыстам? Расея. Усе зараз кажуць пра нейкае самавызначэнне рэспублік, але забываюць вось пра гэтыя факты. Крамлю ж, безумоўна, неабходна нестабільнасць у рэгіёне, каб “з’есці” затым тэрыторыі. Сітуацыя там зараз вельмі цяжкая, бо большасць тэрыторый у Луганскай і Данецкай абласцях зараз кантралююць расейскія войскі. Калі б Расея не ўвяла свае войскі, вайна б ужо заканчвалася. А зараз усё толькі пачынаецца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота politblog.pp.ua