Вячаслаў Сіўчык: Зварот да Шуневіча абсалютна традыцыйны
Аляксандр Лукашэнка негатыўна выказаўся аб спробе арганізаваць несанкцыянаваную дэманстрацыю на Дзень Волі 25-га сакавіка. І загадаў кіраўніку міністэрства ўнутраных спраў Ігару Шуневічу любыя несанкцыянаваныя мерапрыемствы імгненна спыняць.
„Калі ты лезеш на ражон і хочаш сябе паказаць, а гэта ў асноўным мужыкі, і атрымлівайце тады”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Адзін з арганізатараў дэманстрацыі на Дзень Волі Вячаслаў Сіўчык, які быў прэвентыўна затрыманы напярэдадні 25 сакавіка, сказаў, што падобныя выказванні даўно не навіна:
– Яго зварот да Шуневіча абсалютна традыцыйны. Гэта антыбеларуская, незаконная ўлада, якая заўсёды пазбаўляла беларусаў канстытуцыйных правоў, у тым ліку права на шэсце. Што азначаюць словы чалавека, які ўжо 24 год пры ўладзе? У прынцыпе, гэта парушэнне беларускага заканадаўства. Нельга збіваць удзельнікаў нават несанкцыянаванага шэсця. Абсалютная хлусня, што на Дзень Волі „тэатралы” Шуневіча, якія былі ў форме, у цывільным, змагаліся са здаровымі мужыкамі. З кім? З жанчынамі ў асноўным, з пенсіянерамі.
Вячаслаў Сіўчык таксама пацвердзіў, што адразу пасля арышту і змяшчэння ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў абвясціў галадоўку, пратэстуючу супраць парушэння сваіх правоў.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск