Вячаслава Сіўчыка аштрафавалі на 12,6 мільёна рублёў



Суд Цэнтральнага раёна Менска 3 траўня аштрафаваў лідара руху салідарнасці «Разам» Вячаслава Сіўчыка на 60 базавых велічынь (12,6 млн. рублёў) па дзвюх адміністрацыйных справах. Як паведаміў Сіўчык, штраф у памеры 50 базавых велічынь вынесены за ўдзел у акцыі 25 сакавіка з нагоды Дня Волі па арт. 24.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). За ўдзел у гэтай акцыі раней ужо былі аштрафаваныя на розныя сумы больш за 10 палітыкаў і грамадскіх актывістаў. Нагадаем, Менгарвыканкам дазволіў правядзенне ў сталіцы 25 сакавіка акцыі з нагоды Дня Волі ў фармаце: збор удзельнікаў каля кінатэатра «Кастрычнік», шэсце па вуліцы Сурганава да плошчы Бангалор, мітынг у парку Дружбы Народаў. Аднак некаторыя палітыкі і актывісты перад пачаткам дазволенага шэсця ўзялі ўдзел ва ўскладанні кветак да помніка Янку Купалу ў аднайменным скверы, правялі там мітынг і прайшлі калонай па праспекце Незалежнасці да кінатэатра «Кастрычнік», што не было дазволена Менгарвыканкамам. Другая адміністрацыйная справа тычылася затрымання Сіўчыка 19 красавіка міліцыяй у тры гадзіны ночы. Яго абвінавацілі ў дробным хуліганстве і непадпарадкаванні патрабаванням міліцыі (арт. 17.1 і 23.4 КоАП). 3 траўня суд аштрафаваў палітыка па артыкуле аб дробным хуліганстве на 10 базавых велічынь, даслаўшы справу па артыкуле аб непадпарадкаванні патрабаванням міліцыі на ўстараненне недахопаў. Сіўчык сваю віну не прызнае, гаворачы, што паказанні супрацоўнікаў міліцыі «абсалютна непраўдзівыя і не ўпісваюцца ў разумны сэнс». 19 красавіка, паводле слоў палітыка, ноччу ён вяртаўся дадому, аднак супрацоўнікі міліцыі сілай выцягнулі яго ўжо з пад’езда і адвезлі ў Цэнтральнае РУУС. «Я быў без акуляраў, а таму не меў нават тэарэтычных магчымасцяў падпісаць пратаколы. Ніхто мяне не апытваў, нічога не казаў. Адзінае, чамусьці афіцэры гаварылі, што «ўладу мне не аддадуць», — адзначыў ён. Пасля затрымання Сіўчыка праваабаронцы выказалі занепакоенасць дзеяннямі міліцыі. Удзень 20 красавіка палітыка даставілі ў суд Цэнтральнага раёна Менска, які прыняў рашэнне вярнуць на дапрацоўку пратаколы ў сувязі з тым, што час і месца правапарушэння не адпавядаюць пратаколу затрымання. Позву зноў з’явіцца ў суд 21 красавіка Сіўчыку ўручылі супрацоўнікі міліцыі ў пад’ездзе яго дома ў 22 гадзіны 20 красавіка. Аднак 21 красавіка суд задаволіў хадайніцтва палітыка перанесці разгляд справы, бо яго адвакат не мог прысутнічаць на працэсе. У верасні 2015 года Сіўчык вярнуўся ў Беларусь пасля некалькіх гадоў эміграцыі. Ён вымушаны быў з’ехаць з краіны пасля падзеяў 19 снежня 2010 года, баючыся пераследу. Знаходзячыся ў эміграцыі, у 2012 годзе Сіўчык зарэгістраваў у Чэхіі міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Рух салідарнасці «Разам». Дзейнасць аб’яднання была накіравана на падтрымку дэмакратыі ў Беларусі і ва Украіне. Цяпер рух у Беларусі дзейнічае ў статусе аргкамітэта.

БелаПАН