Вячаслава Сіўчыка будуць судзіць за ўдзел у мітынгу Статкевіча (абноўлена)



У Цэнтральным РУУС Менску апазіцыянеру Вячаславу Сіўчыку не паказалі рапарт, які быў складзены на яго за ўдзел у акцыі 23 верасня, але папярэдзілі, каб чакаў позвы ў суд. Кіраўнік руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык 23 верасня на менскай плошчы Свабоды выступіў перад удзельнікамі сустрэчы выбарцаў, якую склікаў Мікалай Статкевіч.

* * *

Старшыня Руху Салідарнасці “Разам” Вячаслаў  Сіўчык атрымаў позву ў Цэнтральны РАУС на 1 кастрычніка на 17 гадзін.  Раней яму тэлефанавалі  наконт яго прысутнасці на плошчы Свабоды 23 верасня.

– Яны вельмі аператыўна пасля размовы закінулі позву. Мушу пайсці, бо іншыя варыянты яшчэ горшыя. Яны ж будуць бегаць па ўсім горадзе. Іх дзеянні цалкам незаконныя, але ж яны карыстаюцца кодэксамі, прынятымі ў Рэспубліцы Беларусь. Ды і даўно ўжо яны паводзяць сябе, як злачынцы.

30 верасня ў судзе Цэнтральнага раёна Менска прайшлі адміністрацыйныя працэсы над Мікалаем Статкевічам, Анатолем Лябедзькам, Уладзімірам Някляевым і Мікалаем Казловым. Іх судзілі за арганізацыю і ўдзел у мітынгах каля менскага ГУМа 16 верасня і на плошчы Свабоды – 23 верасня.

Усе справы завяршыліся прысудамі ў выглядзе штрафаў.

* * *

Стала вядома, што Вячаслаў Сіўчык атрымаў павестку з патрабаваннем з’явіцца ў Цэнтральнае РУУС Менска 1 кастрыстрычніка а 17:00, для „разгляду справы аб адміністрацыйным правапарушэнні, прадугледжаным арт.23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь.”

* * *

Старшыню Руху Салідарнасці “Разам” Вячаслава Сіўчыка спрабуюуць дапытаць па факце ўдзелу ў мітынгу, які быў зладжаны прадстаўнікамі апазіцыі на плошчы Свабоды 23 верасня. Як распавёў палітык, яму патэлефанавалі  наконт  гэтай справе з Цэнтральнага РУУС Менска.

Вячаслаў Сіўчык адмовіўся даваць паказанні па тэлефоне.

– Гэтая размова паказвае, што рэжым Лукашэнкі абсалютна не мяняецца. Не было ніякіх падстаў, каб складаць на мяне пратакол. Я не разумею дзеянні таго чалавека, які мне тэлефанаваў.

Сёння ў судзе Цэнтральнага раёна Менска прайшлі адміністрацыйныя працэсы над Мікалаем Статкевічам, Анатолем Лябедзькам, Уладзімірам Някляевым і Мікалаем Казловым. Усе справы завяргшыліся прысудамі ў выглядзе штрафаў.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя