Вячаслаў Сіўчык: У вайне ўдзельнічае ўся ўкраінская нацыя
Лідар руху салідарнасці „Разам” Вячаслаў Сіўчык, які вымушаны быў пакінуць Беларусь пасля падзей 19 снежня 2010 года, распавёў нашаму карэспандэнту, як адзначылі Дзень памяці ахвяраў сталінізму і нацызму ва Украіне, а таксама як рух “Разам” дапамагае ахвярам вайны.
Вячаслаў Сіўчык: Наш рух яшчэ ў 2009 годзе заклікаў шырокую беларускую грамадскасць адзначаць гэтую падзею, бо для нас яна значная. Ведаю, што сёння аўтобус паехаў у Катынь, а ў Кіеве мы спецыяльна некалькі разоў хадзілі ў мемарыял імя Васіля Стуса. Раней тут не было традыцыі ўшаноўваць памяць ахвяраў рэпрэсій у гэты дзень. Але сёння гэта ёсць, дзякуючы агульным намаганням. Сёння я распавёў людзям у Кіев, што азначае для беларусаў гэтая дата. Дарэчы, сёння мы праводзілі таксама акцыі ў Варшаве і Піцеры. Думаю, гэтая дата з кожным годам будзе ўсё шырэй і шырэй ўспрымацца беларусамі. Можа быць, наступіць асэнсаванне таго, што адбывалася ў 20-м стагоддзі, і якія ахвяры панесла беларуская нацыя з-за таталітарнага рэжыма.
РР: На ваш погляд, чаму ў Беларусі на дзяржаўным узроўні не адзначаецца гэтая дата?
Вячаслаў Сіўчык: Такога чакаць ад сёняшняй улады проста немагчыма. Як вы сабе гэта ўяўляеце, калі ў краіне з’яўляецца “Лінія Сталіна”? Сёняшняя беларуская ўлада, здаецца, і ў Курапатах ніводнага разу не была, і гэта не выпадкова.
РР: Вы зараз знаходзіцеся ў Кіеве. Якая ва ўкраінскай сталіцы зараз сітуацыя на фоне вайны на ўсходзе Украіны?
Вячаслаў Сіўчык: У Кіеве спакойная сітуацыя, але ж братняя нам украінская нацыя штодзень нясе вялікія ахвяры, таму што еўрапейская супольнасць не прыняла адэкватных мераў супраць расейскага агрэсара. Гіне шмат людзей. Разумееце, у гэтай вайне ўдзельнічае ўся ўкраінская нацыя, каб застацца нацыяй, а не прыдаткам Расеі. Простыя людзі ў Кіеве ахвяруюць грошы для армейцаў, народ гатовы ахвяраваць апошнім, каб спыніць “расейскага мядзведзя”. Вельмі шмат патрыятызму і гераізму. Але ўсё гэта вельмі цяжка ўспрымаць. Паўтаруся, штодзень гінуць людзі. Гінуць лепшыя. Днямі я пахаваў сваіх добрых знаёмых.
РР: Вы ведаеце, што ва Украіне ваююць беларусы? Пры гэтым – на абодвух баках.
Вячаслаў Сіўчык: Я ведаю гэта толькі са СМІ. Але наш рух мае ў Кіеве офіс, які выкарыстоўваецца для бежанцаў з Усходу Украіны. Мы нават спынілі там рамонт, бо Кіеў забіты бежанцамі, якія вымушаны з’ехаць з зоны баёў. Ідзе сапраўдная вайна, і цывільным людзям там складана.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя