Вядомы берасцейскі блогер ідзе ў дэпутаты
Незалежны вылучэнец і вядомы ў рэгіёне берасцейскі відэаблогер Сяргей Пятрухін працягвае збор подпісаў.
Свае перадвыбарчыя пікеты ён ладзіць каля кінатэатра “Кастрычнік” кожны дзень пасля поўдня. Трэба выказаць нязгоду з курсам дзейнай улады і выказаць жаданне змагання з карупцыяй – паставіць свой подпіс. Кажа патэнцыйны кандыдат у парламент Сяргей Пятрухін:
– Мэтавая аўдыторыя – гэта людзі, якім неабыякава, што дзеецца ў нашай краіне. Гэта праціўнікі карупцыі і беззаконня, якія маюць месца ў нашай краіне. Паставіўшы свой подпіс за мяне, яны выразяць салідарнасць са мной, з маімі відэа і пытаннямі, якія я ў гэтых відэа ўздымаю. Гэта нераўнадушныя людзі, якія хочуць зменаў, рэалізацыі ў нашым грамадстве каштоўнасцяў развітых краін.
Сяргей Пятрухін выступае за вяршэнства закону, гарадское самакіраванне, справаздачнасць чыноўнікаў перад людзьмі ды празрыстае падаткаабкладанне. “Менавіта так, як жывуць у нармальным грамадстве,” – дадае вылучэнец.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
