Вядомыя беларускія дзеячы – за Мікалая Статкевіча
Мы вельмі ўдзячныя вядомым дзеячам беларускай культуры і навукі Радзіму Гарэцкаму, Аляксею Марачкіну, Сяргею Законнікаву, Юрыю Хашчавацкаму, Уладзіміру Халіпу, Зінаідзе Бандарэнке, Валерыю Мазынскаму, Аляксандру Тамковічу, Лявону Вольскаму і іншым, якія праз уваходжанне ў ініцыятыўную групу Мікалая Статкевіча публічна запатрабавалі вызвалення яго ды іншых беларускіх палітзняволеных.
Прэс-рэліз
Паспяхова скончыўся першы этап працы штаба Руху Салідарнасці «Разам» у падтрымку Мікалая Статкевіча. Мы сабралі больш за 200 подпісаў сябраў і прыхільнікаў нашай арганізацыі, якія пагадзіліся стаць сябрамі ініцыятыўнай групы па вылучэнні Мікалая Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Мы вельмі ўдзячныя вядомым дзеячам беларускай культуры і навукі Радзіму Гарэцкаму, Аляксею Марачкіну, Сяргею Законнікаву, Юрыю Хашчавацкаму, Уладзіміру Халіпу, Зінаідзе Бандарэнке, Валерыю Мазынскаму, Аляксандру Тамковічу, Лявону Вольскаму і іншым, якія праз уваходжанне ў ініцыятыўную групу Мікалая Статкевіча публічна запатрабавалі вызвалення яго ды іншых беларускіх палітзняволеных. Мы ўскладаем вялікія спадзяванні на наш агульны поспех у тым, што па закліку кіраўніка штаба Мікалая Аўтуховіча нашу кампанію падтрымалі былыя палітвязні: Славамір Адамовіч, Аляксандр Атрошчанкаў, Андрэй Кім, Сяргей Парсюкевіч, Артур Фінькевіч – і маці зніклага 15 гадоў таму Змітра Завадскага Вольга Завадская.
Рух Салідарнасці «Разам» выказвае самую шчырую падзяку кожнаму, хто падтрымаў на гэтым этапе нашую арганізацыю і аб’яднаную ініцыятыўную групу Мікалая Статкевіча.
Трэба адзначыць, што, згодна з беларускім заканадаўствам, ініцыятыўная група Мікалая Статкевіча павінна быць зарэгістравана. Але таму, што Лукашэнка баіцца гэтага вядомага беларускага палітыка, хутчэй за ўсё ўлады чарговы раз парушаць закон і адмовяць у рэгістрацыі групы. Таму вельмі важна, што пад лозунгам кампаніі – «Без вызвалення кандыдата ў прэзідэнты на мінулых выбарах Мікалая Статкевіча і ўсіх палітвязняў і поўнага аднаўлення іх у правах ніякія выбары ў Беларусі не могуць лічыцца свабоднымі і справядлівымі» – стварылася рэальная аб’яднаная апазіцыя. Ужо цяпер можна сцвярджаць, што Мікалай Статкевіч – адзіны кандыдат ад апазіцыі, бо яго падтрымліваюць палітычныя суб’екты, якія прытрымліваюцца розных палітычных поглядаў: і сацыял-дэмакраты, і хрысціянскія-дэмакраты, і лібералы, і кансерватары, і нацыяналісты. Рух Салідарнасці «Разам» заклікае апазіцыйныя палітычныя партыі і рухі, якія яшчэ не адважыліся, падтрымаць агульную кампанію.
Мы заклікаем грамадзян Беларусі выкарыстаць тыя некалькі дзён, якія засталіся да заканчэння фармавання ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча , каб далучыцца!
Запісывайцеся ў ініцыятыўную групу па вылучэнні Мікалая Статкевіча праз штаб Руху Салідарнасці «Разам»!
Сувязь з намі: Е-мэйл: [email protected], Фэйсбук: www.facebook.com/viachaslau.siuchyk Тэлефоны: +375 29 653 79 85 (Алесь Макаеў) +375 29 563 07 15 (Надзея Батура) Мы будзем разам! Бог. Айчына. Гонар. Жыве Беларусь! 7 ліпеня 2015 года г. Менск
Прэс-служба Руху Салідарнасці “Разам”
Рух Салідарнасці “Разам” з’яўляецца адным з сямі беларускіх суб’ектаў, якія аб’ядналіся дзеля вылучэння Мікалая Статкевіча на пасаду прэзідэнта. Акрамя Руху, у гэтую кааліцыю ўваходзяць: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада), АГП, БХД, Партыя свабоды і прагрэсу, Рух за дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі, “Малады фронт” і прафсаюз РЭП.
Штаб Руху Салідарнасці “Разам” ачольвае Мікалай Аўтуховіч, а каардынатарам агульнаініцыятыўнай групы з’яўляецца жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч.
Беларускае Радыё Рацыя