Вялікабрытанія за пашырэнне санкцый супраць Расеі
Лондан у гэты раз патрабуе ўвядзення санкцый супраць абароннага сектара Расеі. Пра гэта паведамляе агенцтва Bloomberg са спасылкай на крыніцу ў асяроддзі брытанскага прэм’ер-міністра.
Санкцыі, якія прапануе брытанскі прэм’ер-міністр Дэвід Кэмеран, прадугледжваюць забарону на экспарт расейскіх узбраенняў у краіны ЕЗ. Брытанскі ўрад таксама выступае за ўвядзенне санкцый супраць асоб і кампаній, якія аказваюць матэрыяльную падтрымку баевікам на ўсходзе Украіны ці падтрымліваюць урад Расейскай Федэрацыі.
Дэвід Кэмеран учора ўвечары размаўляў з Уладзімірам Пуціным па тэлефоне і заявіў, што падтрымка Масквой баевікоў была “ўкладам у жудасную трагедыю”. Імкненне Лондана ўвесці дадатковыя санкцыі супраць Расеі абумоўлена, у прыватнасці, тым, што на борце малайзійскага Боінга, які разбіўся 17 ліпеня ў Данецкай вобласці было 10 брытанскіх падданых.
Тым часам, як паведамляюць украінскія СМІ, пад Луганскам захопленыя ў палон 35 баевікоў з Расеі. У раёнах гарадоў Лісічанск, Рубежнае, Севераданецк і ў прыгарадах Луганска працягваюцца баявыя дзеянні. Тэрарысты панеслі вялікія страты. Пра гэта на сваёй старонцы ў “Фэйсбук” напісаў міністр абароны Украіны – Валерый Гелетэй.