Вялікабрытанія не прызнала вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі



Вялікабрытанія не прызнае вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Злучанага Каралеўства Дамінік Рааб. Тэкст заявы апублікаваны на сайце МЗС Вялікабрытаніі.

„Свет з жахам назіраў за гвалтам, які ўжываўся беларускімі ўладамі для задушэння мірных акцый пратэсту, што адбыліся пасля гэтых сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў, — адзначыў Рааб. — Вялікабрытанія не прызнае вынікі выбараў. Нам тэрмінова неабходна правесці праз АБСЕ незалежнае расследаванне парушэнняў, з-за якіх выбары былі несумленнымі, а таксама гнюсных рэпрэсій, што адбыліся пасля іх”.

Ён падкрэсліў, што Вялікабрытанія сумесна з міжнароднымі партнёрамі будзе „дамагацца ўвядзення санкцый у дачыненні да вінаватых і прыцягваць да адказнасці беларускія ўлады”.

belapan.by