Вялікабрытанія пашырыла санкцыі супраць РФ і Беларусі



Латвія ўзмоцніць ахову на мяжы з Беларуссю з 11 жніўня, Вялікабрытанія пашырыла санкцыі супраць Расеі і Беларусі, Эстонія не плануе высылаць расейцаў і беларусаў па прыкладзе Літвы і Латвіі, Эрдаган паабяцаў прыкласці намаганні для аднаўлення збожжавай здзелкі, Вайскоўцы Нігера перакідваюць падмацаванні ў сталіцу, Палякі апынуліся ў шоку, нечакана трапіўшы ў „Маленькую Расею” – падрабязнасці ў аглядзе сусветнай прэсы Антона Разумоўскага.

Латвія ўвядзе ўзмоцнены рэжым аховы мяжы з Беларуссю з 11 жніўня, піша „Еўрапейская праўда”. Рашэнне прынята на фоне „неадпаведна вялікай колькасці выпадкаў незаконнага перасячэння” мяжы. Аб гэтым паведамілі ва ўрадзе Латвіі. Узмоцнены памежны кантроль будзе дзейнічаць паўгода: з 11 жніўня па 10 лютага на адміністрацыйных тэрыторыях Лудзенскага, Краслаўскага, Аўгшдаўгаўскага паветаў і Даўгаўпілса. „Загад быў выдадзены для забеспячэння недатыкальнасці дзяржаўнай мяжы і прадухілення дзяржаўнай пагрозы”, – сказана ў заяве ўрада Латвіі. На час дзеяння загада латвійскія памежнікі і супрацоўнікі сілавых службаў змогуць з мэтай прадухілення або ліквідацыі пагрозы пранікаць без дазволу ўласнікаў у жылыя і нежылыя памяшканні і на тэрыторыі зямельных вучасткаў для пошукаў асоб, якія незаконна перасеклі мяжу. З 11 жніўня 2021 года ў Латвію па-за памежнымі пунктамі пропуску не пусцілі больш за 14 тысяч чалавек, у тым ліку з 1 студзеня па 7 жніўня гэтага года — 5,5 тыс. чалавек, дадалі ў латвійскім урадзе. Раней аб узмацненні аховы на мяжы з Беларуссю паведаміла Польшча. У Літве таксама дапускалі закрыццё некалькіх памежных пераходаў на мяжы з Беларуссю з-за прысутнасці байцоў ПВК „Вагнэр” у краіне.

Эстонія не мае намеру прытрымлівацца прыкладу Літвы і Латвіі і дэпартаваць расейцаў і беларусаў, якія жывуць на тэрыторыі дзяржавы і якія, паводле заявы літоўскіх і латвійскіх уладаў, уяўляюць пагрозу нацыянальнай бяспецы. Пра гэта паведаміў міністр унутраных спраў Эстоніі Лаўры Ляэнэмец. “Мы не абмяркоўвалі магчымасць правядзення якіх-небудзь апытанняў. Яны насамрэч не даюць рэальнай карціны аб тым, якія людзі могуць уяўляць пагрозу. Гэтыя людзі вельмі добра ўмеюць хлусіць і ўказваць у бланку тое, што мы хочам пачуць ці ўбачыць”,– сказаў ERR міністр. Міністр адзначыў, што веданне эстонскай мовы ўжо даўно ацэньваецца пры прадаўжэнні пасведчання на права жыхарства ў краіне. Выключэнні робяцца, напрыклад, для пажылых людзей ці дзяцей, якія вучыліся ў эстонскіх школах. Дадатковых умоў для падаўжэння ВНЖ эстонскія ўлады ўводзіць не плануюць. Па словах Лаўры Ляэнэметса, абавязак выяўляць «прарасейскі настроеных асоб, якія ўяўляюць пагрозу бяспецы Эстоніі», ускладзены на дэпартамент паліцыі і памежнай аховы. 4 жніўня дэпартамент міграцыі Літвы аб’явіў, што ўлады прызналі больш за 1100 грамадзян Расеі і Беларусі пагрозай нацыянальнай бяспецы краіны. Ім забаранілі ўезд на тэрыторыю дзяржавы. Рашэнне было прынята пасля аналізу анкет, якія трэба было запоўніць перад падачай заявак на ВНЖ ці нацыянальную візу. У той жа дзень улады Латвіі папярэдзілі, што ў верасні каля 6 тысяч грамадзян Расеі, якія не здалі экзамен па латышскай мове, атрымаюць афіцыйныя апавяшчэнні пакінуць Латвію.

Вялікабрытанія абнавіла спіс санкцыйных абмежаванняў у дачыненні да Расеі і дадала ў яго 19 новых пазіцый, паведамляе Еadaily. Спіс у адносінах да Беларусі пашырылі на шэсць пазіцый. Абмежаванні таксама закранулі кампаніі з ААЭ і Турцыі. У санкцыйны спіс, які ўсталёўвае абмежаванні адносна зарэгістраваных у Беларусі кампаній, былі ўключаны, у прыватнасці, канструктарскае прадпрыемства оптаэлектроннай прамысловасці „Пеленг”, ААТ „2566 завод па рамонце радыёэлектроннага ўзбраення”, якое ажыццяўляе рамонт узбраення і ваеннай тэхнікі СПА, а таксама ААТ «Аршанскі авіярамонтны Завод». „Санкцыі значна зменшаць расейскія магчымасці і скароцяць ланцуг ваенных паставак”, – пракаментаваў рашэнне ўрада кіраўнік МЗС Вялікабрытаніі Джэймс Клеверлі.

Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган на сустрэчы з удзельнікамі штогадовай канферэнцыі паслоў рэспублікі за мяжой заявіў, што прыкладзе намаганні для аднаўлення дзеяння збожжавай здзелкі, з якой Расея выйшла 17 ліпеня, чытаем у „Нямецкай хвалі”. «Вырашэнне пытання збожжавай здзелкі, каб не завесці яго ў тупік, залежыць ад выканання краінамі Захаду сваіх слоў», – сказаў спадар Эрдаган. Расея выйшла са здзелкі, паколькі не былі выкананы патрабаванні па аблягчэнні страхоўкі судоў, падключэнні Рассельгасбанка да SWIFT і допуску расійскіх угнаенняў на еўрапейскія рынкі. Пасля спынення здзелкі ваенныя Расеі аб’явілі суда, якія ідуць у парты Украіны, ваеннымі мэтамі. Затым ваенныя Украіны зрабілі аналагічную заяву адносна судоў, якія накіроўваюцца ў парты Расеі. Спадар Эрдаган сказаў, што Турцыя выконвае канвенцыю Мантро пра статус праліваў і не дапусціць распаўсюду канфлікту ў Чорным моры.

Ваенныя Нігера, якія захапілі ўладу ў краіне, перакідваюць падмацаванне ў сталіцу Ніамей, рыхтуючыся да магчымай ваеннай інтэрвенцыі, паведамляе CNN са спасылкай на ваенную крыніцу. Канвой з каля 40 пікапаў прыбыў у Ніамей увечары 6 жніўня, даставіўшы вайскоўцаў з іншых частак краіны. Іх прывезлі, каб «супакоіць усхваляваную грамадскасць і падрыхтавацца да патэнцыйнай бітвы». Колькі вайскоўцаў прыбыло, не ўдакладняецца. У ноч на 27 ліпеня вайскоўцы з прэзідэнцкай гвардыі Нігера абвясцілі аб адхіленні прэзідэнта Махамеда Базума ад улады. Спадар Базум адмовіўся сыходзіць у адстаўку і заклікаў ЗША дапамагчы аднавіць парадак у краіне. 7 жніўня Нігер закрыў паветраную прастору. Мяцежнікі заявілі пра падрыхтоўку да інтэрвенцыі ў дзвюх краінах.

Польскія турысты скардзяцца на вялікую колькасць расейцаў, якія прыязджаюць на адпачынак у Тайланд, піша выданне Wirtualna Polska. Колькасць расейцаў, якія наведваюць Тайланд, вырасла сёлета больш за на тысячу адсоткаў, дадзеныя пра „бум” пацвярджае і міністэрства турызму і спорту каралеўства. Папулярнасцю сярод расейцаў карыстаецца востраў Пхукет, на што, як сцвярджае выданне, скардзяцца ў сацсетках польскія турысты. “Абыходзіць за тры вярсты. Гэта нагадвае “маленькую Расею”, а не Тайланд”, – прыводзіць выданне каментар аднаго з іх. „Едзьце на Пхукет, і вы адчуеце сябе як у Маскве”, – абурыўся іншы. Польскія СМІ неаднаразова публікавалі артыкулы, дзе жыхары Польшчы выказвалі незадаволенасць суседствам з расейцамі ў розных курортных краінах. У траўні выданне Myśl Polska паведамляла, што польскія турысты зладзілі „пляжна-барныя войны” з расейцамі на турэцкіх курортах.

Беларускае Радыё Рацыя