Вялікабрытанія павялічыць падтрымку беларускіх студэнтаў, СМІ і грамадзянскай супольнасці
Каардынацыйная рада па ўрэгуляванні палітычнага крызісу атрымала афіцыйны ліст ад міністра Вялікабрытаніі па справах Еўрапейскага суседства і Амерыкі Уэндзі Мортан у адказ на зварот групы па адукацыі КР.
Як паведамляе КР у сваім тэлеграм-канале, Мортан адзначыла, што ўрад Вялікабрытаніі заклікаў і заклікае цяперашнюю ўладу Беларусі спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да пратэстоўцаў і незалежных СМІ, а таксама прыцягнуць да адказнасці вінаватых у парушэннях.
„Урад Вялікабрытаніі зацікаўлены ў павелічэнні падтрымкі і развіцці грамадзянскай супольнасці Беларусі, незалежных СМІ і адукацыйных інстытутаў у Беларусі”, — напісала Мортан.
Адзначаецца, што Вялікабрытанія была сярод першых краін, якія аператыўна зрэагавалі на рэпрэсіі пасля прэзідэнцкіх выбараў. Брытанскі ўрад садзейнічае разгляду пытанняў па Беларусі ў агенцтвах ААН для таго, каб падтрымаць эканамічнае развіццё краіны, лідарскі патэнцыял жанчын і садзейнічаць абароне ўразлівых груп насельніцтва.
Вялікабрытанія таксама мае намер падтрымаць акадэмічную супольнасць Беларусі. „Мы ведаем пра цяжкасці, з якімі сутыкаюцца студэнты і выкладчыкі, якіх пераследуюць за імкненне да дэмакратыі ў Беларусі. Мы працуем над пашырэннем падтрымкі для студэнтаў і адукацыйных устаноў у Беларусі і шукаем магчымасці павялічыць колькасць стыпендый Chevening для беларусаў”, — падкрэсліла брытанскі міністр па справах Еўрапейскага суседства і Амерыкі.