Вялікабрытанія захавае рэжым санкцый у дачыненні да Беларусі
Пасля выхаду са складу Еўразвяза Вялікабрытанія ў двухбаковым парадку працягне рэжым дзейных санкцый у дачыненні да Беларусі, паведамляецца 15 студзеня на сайце брытанскага ўрада.
Адзначаецца, у прыватнасці, што санкцыі закліканыя заахвоціць улады Беларусі: паважаць дэмакратычныя прынцыпы і інстытуты, а таксама падзел уладаў і вяршэнства закона ў Беларусі; устрымлівацца ад дзеянняў, якія прыгнятаюць грамадзянскую супольнасць у Беларусі; належным чынам расследаваць і распачаць крымінальную справу ў дачыненні да асоб, адказных за знікненні Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага; выконваць міжнароднае права ў дачыненні да правоў чалавека і паважаць правы чалавека.
Згодна з тлумачальным мемарандумам, які быў апублікаваны ўрадам Вялікабрытаніі ў 2019 годзе, гэтае палажэнне накіраванае на тое, каб захоўваць такі ж рэжым, як і дзейны рэжым санкцый Еўразвяза. Унясенне санкцыйнага рэжыму ў заканадаўства Злучанага Каралеўства дазволіць захаваць усе санкцыйныя меры пасля таго, як Вялікабрытанія выйдзе са складу ЕЗ. А таксама дазволіць ураду Вялікабрытаніі аўтаномна ўносіць папраўкі, змяняць або адмяняць санкцыі.
У лютым 2019 года ЕЗ у чарговы раз працягнуў на год абмежавальныя меры ў дачыненні да Беларусі – у прыватнасці, эмбарга на пастаўкі зброі і тэхнікі, а таксама візавыя санкцыі супраць былых сілавікоў Уладзіміра Навумава, Віктара Шэймана, Юрыя Сівакова і Дзмітрыя Паўлічэнкі, якіх Брусель лічыць датычнымі да нераскрытых знікненняў двух апазіцыйных палітыкаў, бізнесмена і журналіста ў 1999 і 2000 гадах.
Чакаецца, што Вялікабрытанія пакіне Еўрапейскі звяз 31 студзеня 2020 года.