Вялікабрытанія заклікае Беларусь забяспечыць міжнароднае назіранне за прэзідэнцкімі выбарамі
Вялікабрытанія заклікае Беларусь зрабіць крокі для таго, каб прадстаўнікі БДІПЧ АБСЕ і іншых арганізацый змаглі назіраць за прэзідэнцкімі выбарамі. Пра гэта заявіў намеснік кіраўніка дэлегацыі Вялікабрытаніі ў АБСЕ Нікала Мюрэй, выступаючы 2 ліпеня на пасяджэнні Пастаяннага савета АБСЕ. Тэкст выступлення апублікаваны на сайце ўрада Вялікабрытаніі.
Мюрэй адзначыў, што Злучанае Каралеўства „ўважліва сочыць за развіццём падзей у Беларусі, у прыватнасці за падрыхтоўкай краіны да прэзідэнцкіх выбараў у жніўні”.
Ён нагадаў, што Вялікабрытанія раней ужо выказвала заклапочанасць у сувязі з затрыманнем у Беларусі мірных дэманстрантаў, блогераў і журналістаў.
„На сённяшні дзень больш за 400 чалавек было затрымана ці арыштавана, прычым шматлікім пагражаюць адміністрацыйныя пакаранні, такія як штрафы, а некаторым — крымінальныя абвінавачванні, — сказаў Мюрэй. — Сярод затрыманых шэраг журналістаў, якія асвятлялі мітынгі, а таксама блогеры. Як заявіў прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ ў сваёй заяве ад 20 чэрвеня, журналісты іграюць вырашальную ролю ў асвятленні падзей, якія ўяўляюць грамадскі інтарэс, асабліва звязаных з выбарамі. Мы паўтараем яго заклік забяспечыць журналістам магчымасць выконваць сваю працу і асвятляць грамадскія мерапрыемствы, не асцерагаючыся быць затрыманымі”.
Паводле слоў Мюрэя, пры стварэнні АБСЕ дзяржавы-ўдзельніцы заявілі, што будуць паважаць права сваіх грамадзян браць удзел у кіраванні краінай альбо непасрэдна, альбо праз прадстаўнікоў, свабодна выбраных імі падчас справядлівых выбараў.
„У дэкларацыі Стамбульскага саміту 1999 года дзяржавы абавязаліся забяспечыць справядлівую канкурэнцыю паміж кандыдатамі і партыямі, у тым ліку праз іх доступ да сродкаў масавай інфармацыі і павагу права на сходы, — сказаў Мюрэй. — У сувязі з гэтым Вялікабрытанія занепакоеная затрыманнем Віктара Бабарыкі, аднаго з патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты, і яго сына Эдуарда Бабарыкі, кіраўніка яго ініцыятыўнай групы. Мы таксама занепакоеныя расследаваннем Міністэрства ўнутраных спраў меркаванай датычнасці іншага кандыдата ў прэзідэнты Валерыя Цапкалы да „незаконнай дзейнасці”. Мы заклікаем беларускія ўлады вызваліць Бабарыку і яго сына з-пад варты і паважаць вяршэнства закона, уключаючы права на справядлівы судовы разбор. Мы таксама заклікаем беларускія ўлады вызваліць прадстаўнікоў апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, якія былі адвольна арыштаваныя і затрыманыя”.
„Злучанае Каралеўства зноў заяўляе пра сваю падтрымку незалежнасці і суверэнітэту Беларусі. Гэта справа народа Беларусі — вызначаць сваю будучыню і тое, як ёй кіраваць. Як сябар беларускага народа, мы заклікаем улады зрабіць неабходныя захады для правядзення бяспечных, мірных, свабодных і справядлівых выбараў, у тым ліку з удзелам незалежных назіральнікаў”, — заявіў прадстаўнік Вялікабрытаніі ў АБСЕ.
belapan.by