«Вялікая размова» Лукашэнкі. Паўтарэнне пройдзенага
„Лукашэнка паставіў чарговы рэкорд выступу. Больш за 8 гадзін. Праўда, не зусім зразумела, навошта было так шмат гаварыць”, – заўважае беларускі палітолаг Валер Карбалевіч. – Гэта якраз той выпадак, калі колькасць не пераходзіць у якасць.”
„Можна было чакаць, што Лукашэнка падчас так званай «Вялікай размовы» хоча зрабіць нейкае важнае пасланне беларусам, наменклатуры ці сусвету. Ці прапануе палітычны каляндар пераменаў. Ці растлумачыць, навошта патрэбная Беларусі канстытуцыйная рэформа.
Аднак не. Нічога гэтага сказана не было. Мы пачулі тую версію падзей мінулага году, якую чуем шмат месяцаў. Гучала стандартная агрэсіўная рыторыка на адрас унутраных апанентаў, Захаду. Таму ўцямнага адказу на пытанне, для чаго ўсё гэта было, так і не атрымалі.
Адказваючы на вострыя пытанні СМІ Еўразвязу і ЗША, ён быў раззлаваны, раздражняўся, выходзіў з сябе. Некалькі разоў казаў, што яго хочуць прыцягнуць да адказнасці ў судзе ў Гаазе. Чамусці гэтая тэма яго надта хвалюе.
Лукашэнка прапаноўваў Захаду перамовы і адначасова шантажаваў ЕЗ і ЗША. Пужаў мігрантамі, ядзернымі матэрыяламі. І ўрэшце, падвышаючы стаўкі, ён заявіў, што гвалтоўнае адхіленне яго ад улады азначала б трэцюю сусветную вайну. То бок пытанне ставіцца так: альбо згода на ўладу Лукашэнкі над Беларуссю, альбо сусветная вайна. Выбірайце!
Што тычыцца пытання пра інтэграцыю з Расеяй, Лукашэнка вярнуўся да сваёй ранейшай рыторыкі. Маўляў, Масква сама сабатавала стварэнне «саюзнай дзяржавы», перашкода да інтэграцыі — няроўнасць цэнаў на энэргарэсурсы, і інш. Моцна абураўся заявамі асобных расейскіх прапагандыстаў на ТВ.
Вельмі рэзка крытыкаваў пазіцыю Ўкраіны. Ягоныя ацэнкі сітуацыі вакол Данбасу мала адрозьніваліся ад рыторыкі расейскай тэлевізіі. Можна сказаць, што ў пытанні канфлікту паміж РФ і Ўкраінай Менск адмовіўся ад палітыкі нейтралітэту, якую ён праводзіў пасьля 2014 году. Аднак абяцання прызнаць Крым расейскія журналісты так і не атрымалі.
Яшчэ некалькі характэрных эпізодаў выступу. Разважаючы пра дрэнныя паводзіны пратэстоўцаў, Лукашэнка заявіў: «Я буду з імі размаўляць на мове закону? Які закон?»
Прагучала загадкавая рэпліка пра хуткае з’яўленьне ў краіне новага прэзідэнта. Яе можна трактаваць як заўгодна.
І шэдэўрам лукашэнкаўскага красамоўства стаў эпізод, дзе ён апавядаў, як прасіў прэзідэнта Расеі Барыса Ельцына ня ўводзіць уласныя грошы і ня кідаць Беларусь у крытычную сітуацыю. Усё б нічога, але гістарычны факт палягае ў тым, што Расея ўвяла свае грошы ў 1992 годзе, што вымусіла Беларусь тады ж уводзіць беларускія «зайчыкі». А Лукашэнка, нагадаю, стаў прэзідэнтам у 1994 годзе. Дробязь, але яна вельмі яскрава характарызуе галоўнага персанажа «Вялікай размовы».