Ва Украіне ўведзена ваеннае становішча (абноўлена)
Вярхоўная Рада Украіны пагадзілася ўвесці ваеннае становішча на 30 дзён. Яно будзе тычыцца некаторых усходніх і паўднёвых раёнаў Украіны.
* * *
Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што прапануе ўвесці ваеннае становішча на 30 дзён. Заява прэзідэнта транслявалася на яго Facebook. „Я буду прапаноўваць парламенту ўвесці ваеннае становішча на 30 дзён. Чаму? Каб ваеннае становішча ні на адзін дзень не накладалася на пачатак выбарчай кампаніі”, – патлумачыў Парашэнка.
* * *
Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў указ аб увядзенні ў краіне ваеннага становішча пасля канфлікту расейскіх і ўкраінскіх караблёў у Керчанскім праліве. Дакумент апублікаваны на сайце кіраўніка дзяржавы.
Згодна з указам, ваеннае становішча павінна ўвайсці ў дзеянне з 26 лістапада і будзе дзейнічаць 60 дзён – да 25 студзеня 2019 года. Дакументам прадугледжана правядзенне частковай мабілізацыі, узмацненне контрдыверсійнага, контрвыведніцкага і антытэрарыстычнага рэжымаў, узмацненне аховы дзяржмяжы з Расеяй і адміністрацыйнай мяжы з акупаваным Крымам.
Каб раздзелы гэтага дакумента ўвайшлі ў дзеянне, яго павінна ўхваліць Вярхоўная Рада. У Кіеве зараз праходзіць пазачарговае паседжэнне.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Гордон