Вярхоўны камісар ААН заклікала Беларусь і Польшчу аб’яднаць намаганні для дапамогі мігрантам на мяжы
Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека, былы прэзідэнт Чылі Мішэль Бачэлет заклікала Беларусь і Польшчу аб’яднаць намаганні для дапамогі мігрантам на мяжы. Гэта вынікае з каментара Бачэлет, які паступіў у БелаПАН.
„Я ўзрушаная тым, што вялікая колькасць мігрантаў і бежанцаў застаюцца ў бязвыхадным становішчы на беларуска-польскай мяжы пры амаль мінусавай тэмпературы, — адзначыла Бачэлет. — Я настойліва заклікаю ўцягнутыя дзяржавы неадкладна прыняць меры па дээскалацыі і ўрэгуляванні гэтай недапушчальнай сітуацыі ў адпаведнасці з сваімі абавязацельствамі ў рамках міжнароднага заканадаўства ў галіне правоў чалавека і правоў бежанцаў”.
На думку вярхоўнага камісара ААН, „палітызаваныя і акцэнтаваныя на бяспецы рашучыя меры ў адказ з абодвух бакоў, уключаючы павелічэнне колькасці войскаў, у суправаджэнні правакацыйных сцвярджэнняў” цягнуць большую ўразлівасць мігрантаў і бежанцаў і ствараюць для іх небяспеку.
„Я заклікаю ўлады датычных краін зрабіць так, каб першачарговым клопатам было захаванне правоў чалавека гэтых асоб, — заўважыла Бачэлет. — Гэта значыць, што дзяржавы павінны працаваць разам, каб захаваць жыццё і годнасць усіх, хто апынуўся на іх агульных межах. Гуманітарным арганізацыям, іншым прадстаўнікам грамадзянскай супольнасці, журналістам і юрыстам павінен быць неадкладна дадзены да іх доступ”.
Яна нагадала, што згодна з міжнародным правам „нікому нельга перашкаджаць у пошуку прыстанку ці іншых форм міжнароднай абароны правоў чалавека, запыты на абарону павінны разглядацца індывідуальна”.
„За апошнія некалькі месяцаў ужо памерлі некалькі чалавек — урады ў рэгіёне не могуць заставацца ўбаку і дапусціць, каб загінула яшчэ больш людзей. Дзяржавы абавязаныя абараняць права на жыццё. Нельга прымушаць сотні мужчын, жанчын і дзяцей правесці яшчэ адну ноч у марознае надвор’е без нармальнага прытулку, ежы, вады і медыцынскай дапамогі”, — падкрэсліла Бачэлет.
8 лістапада ў раёне пункта пропуску „Кузніца Беластоцкая” (з беларускага боку — „Брузгі”) была зробленая спроба масавага пранікнення на тэрыторыю Польшчы нелегальных мігрантаў, як мяркуецца, з Іракскага Курдыстана, праз загароду з калючага дроту. Мігранты разбілі лагер уздоўж лініі мяжы з беларускага боку.
9 лістапада Дзяржпагранкамітэт Беларусі паведаміў, што „фізічны і маральны стан людзей вельмі цяжкі і прыгнечаны”: „Не хапае вады і ежы. На тэрыторыі лагера няма мінімальных умоў для штодзённых гігіенічных працэдур. Сітуацыя ўскладняецца наяўнасцю сярод бежанцаў значнай колькасці цяжарных жанчын і грудных дзяцей, якія вымушаныя начаваць на зямлі пры тэмпературах блізу нуля”.
У той жа дзень Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа перадало мігрантам гуманітарныя наборы з вадой, ежай і цёплымі рэчамі.
Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕЗ пачаўся вясной 2021 года. Спачатку шматразовае павелічэнне колькасці нелегальных мігрантаў адчула на сабе Літва. Пасля таго, як Вільнюс прыняў рашэнне не затрымліваць мігрантаў, а разварочваць іх назад у Беларусь, патокі нелегалаў пераарыентаваліся на Польшчу.
З-за павелічэння патоку нелегальных мігрантаў з беларускага боку Літва, Латвія і Польшча ўвялі рэжым надзвычайнага становішча ў раёнах, якія мяжуюць з Беларуссю.
Кіраўніцтва краін Балтыі і Польшчы абвінавачвае ўлады Беларусі ў арганізацыі міграцыйнага крызісу як элемента „гібрыднага нападу” на краіны ЕЗ у адказ на санкцыі. Афіцыйны Менск у сваю чаргу заяўляе, што да ўзнікнення крызісу прывялі дзеянні краін Захаду ў краінах паходжання мігрантаў.