Вярхоўны суд адхіліў скаргу Цапкалы



Вярхоўны суд Беларусі прыняў рашэнне пакінуць без задавальнення скаргу экс-кіраўніка Парка высокіх тэхналогій Валерыя Цапкалы на рашэнне Цэнтрвыбаркама не рэгістраваць яго кандыдатам у прэзідэнты.

«Суд прыходзіць да высновы аб адсутнасці прававых падстаў для задавальнення скаргі Цапкала і адмены пастановы ЦВК ад 14 ліпеня 2020 года», – заявіла суддзя Ганна Сакалоўская ў ходзе пасяджэння ў панядзелак.

Сакалоўская дадала, што суд вырашыў пастанову ЦВК аб адмове ў рэгістрацыі Цапкалы кандыдатам у прэзідэнты пакінуць без зменаў, а скаргу на гэтае рашэнне – без задавальнення. Пры гэтым, працягнула суддзя, рашэнне ўступае ў сілу неадкладна і абскарджанню не падлягае.

Як паведамлялася, 14 ліпеня Цэнтрвыбаркам Беларусі не зарэгістраваў Цапкалу кандыдатам у прэзідэнты з-за недахопу неабходных для гэтага 100 тысяч сапраўдных подпісаў за яго вылучэнне. Ініцыятыўная група Цапкалы сабрала больш за 200 тысяч подпісаў. Па дадзеных штаба, у выбаркамы было здадзена 160 тысяч подпісаў. Між тым, ЦВК прызнаў сапраўднымі менш за 80 тысяч подпісаў.

16 ліпеня Цапкала падаў у Вярхоўны суд скаргу на адмову ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты, пры гэтым ён адзначаў, што «не мае ніякіх ілюзіяў у дачыненні да таго, якое рашэнне суд вынесе».

Выбары прэзідэнта Беларусі павінны адбыцца 9 жніўня.

interfax.by