Вярхоўны суд не прыняў да разгляду скаргу Святланы Ціханоўскай
Вярхоўны суд Беларусі (ВС) не прыняў да разгляду скаргу кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, паведаміла прэс-служба Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне.
Адзначаецца, што ў Вярхоўным судзе занялі наступную пазіцыю: калі Цэнтральная камісія не прызнавала выбары несапраўднымі, то права на зварот са скаргай у Вярхоўны суд адсутнічае.
У КР падкрэслілі, што не згодныя з такім тлумачэннем артыкула 79 Выбарчага кодэкса. „Мяркуем, што яно супярэчыць літаральнаму значэнню нормы і артыкула 60 Канстытуцыі, які гарантуе кожнаму права на судовую абарону. Разам з тым можам канстатаваць, што далейшая абарона парушаных правоў выбаршчыкаў магчымая ў рамках правядзення праверак па кожным з участкаў, на падставе заяў грамадзян, пададзеных у праваахоўныя органы”, — гаворыцца ў паведамленні.
21 жніўня давераныя асобы кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай Вольга Кавалькова і адвакат Максім Знак падалі ў Вярхоўны суд скаргу з патрабаваннем прызнаць выбары, якія прайшлі 9 жніўня, несапраўднымі.
У дадатак да скаргі перададзена 25 „важкіх папак з доказамі парушэнняў падчас выбарчай кампаніі”, паведаміў штаб былога прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду Віктара Бабарыкі. Каманда экс-банкіра пасля адмовы ЦВК зарэгістраваць яго кандыдатам у прэзідэнты аб’яднала намаганні са штабам Ціханоўскай.
Доказы парушэнняў збіралі назіральнікі перад выбарамі і звычайныя грамадзяне.
Асноўнае парушэнне — фальсіфікацыя выніковых пратаколаў галасавання.
Раней ЦВК адмовіла ў задавальненні скаргі Ціханоўскай з патрабаваннем прызнаць выбары несапраўднымі. Паводле афіцыйных звестак, Ціханоўская набрала ўсяго 10% галасоў выбаршчыкаў, тады як Аляксандр Лукашэнка — 80%.
СМІ паведамляюць, што ВС таксама адмовіў у задавальненні скаргаў яшчэ двух кандыдатаў у прэзідэнты — Ганны Канапацкай і Андрэя Дзмітрыева.
belapan.by