Вярхоўны суд не задаволіў скаргу БХД на адмову ў рэгістрацыі



Вярхоўны суд 25 мая не задаволіў скаргу аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” на адмову Міністэрства юстыцыі ў афіцыйнай рэгістрацыі арганізацыі.

Сустаршыня аргкамітэта БХД Вольга Кавалькова ў каментары БелаПАН назвала такое рашэнне прадказальным, бо ўлады раней ужо сем разоў адмаўляліся зарэгістраваць партыю.

Падставамі для апошняй адмовы ў рэгістрацыі былі адсутнасць у дакументах хатніх або рабочых нумароў тэлефонаў некалькіх заснавальнікаў, „памылкі ў датах нараджэння двух заснавальнікаў”. У Мінюста таксама паўсталі пытанні адносна памяшкання, якое было пазначанае ў якасці юрыдычнага адрасу.

Выступаючы 24 мая ў судзе, Кавалькова падкрэсліла, што пасля правядзення ўстаноўчага з’езду аргкамітэт БХД падаў у Мінюст усе неабходныя дакументы. Аднак міністэрства, паводле яго слоў, запатрабавала даць дадатковыя дакументы аб заснавальніках, якія не прадугледжаныя законам.

Кавалькова лічыць неабгрунтаванай адмову ў рэгістрацыі з прычыны адсутнасці некаторых звестак аб заснавальніках, напрыклад, нумароў хатніх тэлефонаў. „Людзі цяпер рэдка карыстаюцца хатнімі тэлефонамі. Пры неабходнасці гэта патрабаванне можна было б хутка выправіць”, — лічыць яна.

Прадстаўнік аргкамітэта таксама адзначыла, што памылкі друку ў дакументах не павінны быць прычынай адмовы ў рэгістрацыі партыі.

Апошні ўстаноўчы з’езд БХД адбыўся 23 снежня 2017 года. На ім колькасць сустаршыняў арганізацыі была павялічаная да чатырох. Раней аргкамітэт партыі ўзначальвалі тры сустаршыні — Георгій Дзмітрук, Віталь Рымашэўскі і Павел Севярынец. Новым сустаршынёй стала Вольга Кавалькова.

Папярэднія ўстаноўчыя з’езды праводзіліся ў 2009 годзе, двойчы — у 2010-м, адзін раз — у 2011-м і двойчы — у 2015-м.

У сакавіку 2011 года ў інтэрв’ю The Washington Post Аляксандр Лукашэнка заявіў, што БХД, „верагодна, ніколі не будзе зарэгістраваная”. „Яны ўдзельнічалі ў беспарадках. Яны не хрысціянскія дэмакраты — яны бандыты”, — сказаў ён.

Аргкамітэт БХД, паведаміла Кавалькова, плануе правесці яшчэ адзін чарговы з’езд, каб дамагчыся афіцыйнай рэгістрацыі арганізацыі.

belapan.by