Вярхоўны суд не задаволіў скаргу Цярэшчанкі



Вярхоўны суд не задаволіў скаргу Віктара Цярэшчанкі на Цэнтрвыбаркам, які не зарэгістраваў яго кандыдатам у прэзідэнты з-за вялікай колькасці несапраўдных падпісных лістоў.

Сам Цярэшчанка сказаў, што гэтая рашэнне было чаканым. А падаў ён скаргу з адной мэтай, каб мець права самому праглядзець хаця б частку падпісных лістоў, якія былі прызнаны несапраўднымі:

– У мяне няма, як у грамадзяніна, іншага права. Я не магу прыйсці ў раённую камісію, мне не пакажуць нічога, я не магу прыйсці ў Цэнтральную выбарчую камісію, мяне проста пашлюць. Я магу толькі пасля пастановы ЦВК прыйсці ў Вярхоўны суд звярнуўшыся туды са скаргай, што я і зрабіў. Я сёння на пасяджэнні Вярхоўнага суда сказаў, я не стаўлю мэту рэгістрацыі, я адмовіўся 9-га чысла, я хачу паглядзець матэрыялы.

Па словах Віктара Цярэшчанкі, пасля азнаямлення ён пераканаўся, што супраць яго была здзейснена правакацыя.

„Напрыклад, мне прадставілі лісты ўвогуле без подпісаў сябраў ініцыятыўнай групы і назвалі гэта бракам. А чаму ў Цэнтрвыбаркаме лічаць, што яны ўвогуле сабраны сябрамі маёй ініцыятыўнай групы, калі няма подпісаў? Таму не выключаю, што супраць мяне была здзейснена правакацыя. Мяне, так бы мовіць, падставілі, выкарыстоўваючы недасканаласць нашага заканадаўства”, – лічыць Віктар Цярэшчанка.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск