Вярхоўны суд прыпыніў справу аб часовым спыненні дзейнасці руху „За Свабоду”



Вярхоўны суд 27 ліпеня прыпыніў разгляд справы аб часовым спыненні дзейнасці руху” За Свабоду”: арганізацыя абскардзіла папярэджанне Мінюста, якое лягло ў аснову іску.

„Пра папярэджанне Міністэрства юстыцыі нам стала вядома толькі падчас разгляду іску ў Вярхоўным судзе. Яно стала для нас нечаканасцю”, — паведаміў БелаПАН старшыня руху Юрый Губарэвіч.

У сувязі з гэтым у арганізацыі прынялі рашэнне абскардзіць папярэджанне.

Разгляд справы зацягнуўся на дзве гадзіны, бо суддзя спачатку не прыняў хадайніцтва аб прыпыненні працэсу да разгляду скаргі. Падчас перапынку дакумент, відаць, паступіў у канцылярыю суда, растлумачыў палітык.

„У далейшым рух „За Свабоду” чакаюць два працэсы: па скарзе і аб прыпыненні дзейнасці”, — сказаў Губарэвіч.

Даты пасяджэнняў пакуль не прызначаныя.

Папярэдняе пасяджэнне па іску Мінюста ў Вярхоўным судзе адбылося 19 ліпеня.

„Высветлілася, што ведамства 25 мая вынесла папярэджанне руху „За Свабоду”. Яно грунтавалася на двух пасылах: аб’яднанне нібыта не падало звесткі аб юрадрасе ў межах штогадовай справаздачы аб дзейнасці і ў канцы 2020 года скончыліся паўнамоцтвы органаў кіравання, бо не была праведзеная канферэнцыя”, — паведаміў у той дзень БелаПАН Губарэвіч.

Паводле яго слоў, падчас абмеркавання прадстаўнік Мінюста не ўспамінаў пра паўнамоцтвы органаў кіравання. Палітык выказаў меркаванне, што ў міністэрстве знайшлі пратакол справаздачна-выбарнай канферэнцыі 2018 года, на якой паўнамоцтвы абраных органаў былі працягнутыя да 2022 года.

„Аднак прадстаўнік Мінюста настойваў, што прычыны для папярэджання застаюцца, бо звесткі пра юрадрас не былі своечасова пададзеныя, і адсутнасць рэакцыі на папярэджанне — падстава для прыпынення дзейнасці”, — сказаў Губарэвіч.

У сваю чаргу ён сам падаў суду дагавор аб арэндзе памяшкання для юрыдычнага адраса, дзеянне якога працягнутае да кастрычніка 2021 года. Звесткі аб юрыдычным адрасе былі ў штогадовай справаздачы для Мінюста і ў перададзеных дакументах у межах пазапланавай праверкі арганізацыі.

„Я прапанаваў вырашыць пытанне ў дасудовым парадку, бо прычын для разгляду ў судовым парадку тут няма. Прадстаўнік Мінюста не адрэагаваў на гэтую прапанову, і суддзя прызначыла разгляд на 27 ліпеня”, — паведаміў кіраўнік руху.

На яго думку, гэта адбылося таму, што „механізм быў запушчаны і ніхто са службовых асоб — ні прадстаўнік Мінюста, ні суддзя — не могуць узяць на сябе адказнасць, каб яго спыніць”.

belapan.by