Вяшчанне ўкраінскага канала ў Беларусі можа пачацца ў найбліжэйшыя дні



Вяшчанне ўкраінскага канала UATV можа пачацца ў Беларусі ў найбліжэйшыя дні. Пра гэта паведаміў пасол Украіны Ігар Кізім, размаўляючы 22 студзеня з журналістамі ў Менску на мерапрыемстве з нагоды 100-годдзя саборнасці Украіны.

„Кантракт ужо падпісаны, — сказаў Кізім. — Правайдар накіраваў дакументы ў Міністэрства інфармацыі Беларусі для атрымання дазволу на трансляцыю. Думаю, гэта пытанне некалькіх дзён”.

Паводле яго слоў, транслявацца UATV будзе ў кабельных сетках. „Тэхнічныя пытанні ўсе ўжо вырашаны. Не сумняваюся, што рашэнне Мінінфарма будзе станоўчае, таму што гэта было абяцана на самым высокім узроўні”, — сказаў пасол.

Кізім адзначыў, што UATV — гэта тэлеканал з кругласутачным вяшчаннем на трох мовах (украінскай, рускай і англійскай). „Там ёсць навінавыя блокі і шмат разнастайнай інфармацыі пра Украіну — яе культуру, традыцыі, звычаі, а таксама сучаснае жыццё”, — сказаў дыпламат.

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка, выступаючы 26 кастрычніка 2018 года ў Гомелі, заявіў, што Беларусь і Украіна дамовіліся ў найбліжэйшы час пачаць трансляцыю ўкраінскага тэлеканала на беларускай тэрыторыі. Пытанне аб пачатку вяшчання ў Беларусі ўкраінскага тэлеканала UATV абмяркоўвалася 11 кастрычніка ў Гомелі на 26-м пасяджэнні міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.

UATV — украінскі тэлеканал замежнага вяшчання, які пачаў сваю працу 1 кастрычніка 2015 года. На Украіну вяшчае тэлеканал „Беларусь 24”.

belapan.by