Выбарчае заканадаўства калі і мяняюць, то касметычна



Парламенцкія выбары пройдуць у Беларусі сёлетней восенню. Некаторыя прадстаўнікі дэмакратычнага лагеру ўжо заявілі пра намер удзельнічаць у іх. У той жа час кампанія “Права выбару” прэзентавала вялікае выданне, якое падводзіць вынікі прэзідэнцкіх выбараў мінулага году. Галоўная выснова кнігі – выбары не былі дэмакратычнымі і справядлівымі. Пра гэта раней заявілі і назіральнікі місіі АБСЕ, – кажа сустаршыня партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя Віталь Рымашэўскі:

– Улады рэагуюць таксама на рэкамендацыі АБСЕ. Але ўлады рэагуюць неадэкватна, як, мякка кажучы, неразумныя людзі, якія чуюць адно, а робяць абсалютна неадэкватныя рэчы. Таму яны кажуць, што нібыта мяняюць выбарчае заканадаўства, але рэальна гэтыя змены тычацца касметычных нейкіх рэчаў, напрыклад, Ярмошына ў мінулы раз увяла празрыстыя скрыні для галасавання на некаторых участках, якія, па сутнасці, нічога не мянялі без таго, каб людзі маглі бачыць, як ідзе падлік галасоў.

На гэты час у кампаніі “Права выбару” ўдзельнічаюць восем самых буйных дэмакратычных партый і арганізацый краіны. Выданне, прысвечанае выбарам прэзідэнта 2015 году змяшчае шматлікія факты парушэнняў і каментары.

Беларускае Радыё Рацыя