Выбарчая камісія адмовіла Алесю Лагвінцу ў задавальненні скаргі
Менская гарадская выбарчая камісія адмовіла ў задавальненні скаргі прэтэндэнта ў дэпутаты Алеся Лагвінца на папярэджанне, вынесенае яго ініцыятыўнай групе акруговай камісіяй Сухараўскай акругі № 101.
Палітыку былі вынесеныя два папярэджанні пад час правядзення кампаніі па зборы подпісаў. Намеснік старшыні Руху «За Свабоду» у трохдзённы тэрмін абскардзіў пакаранне. «Мне проста не давалі выказацца і правакавалі,» – гаворыць Алесь Лагвінец.
— Яны казалі пра пікет па зборы подпісаў, дзе выступаў Лявон Вольскі. Яны лічаць, што гэта супярэчыць заканадаўству. Потым пытанне друкаванай прадукцыі, што сапраўды несур’ёзна, бо бачна, што гэта была проста адрэжысэраваная адмова. Вядома, усе прагаласавалі аднагалосна за тое, каб пакінуць папярэджанне ў сіле.
Два папярэджанні могуць стаць падставай для адмовы ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты. У выпадку нерэгістрацыі Лагвінец гатовы далей абскарджваць рашэнне выбарчай камісіі.
Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск