Выбарчая кампанія – пад пільным кантролем уладаў (абноўлена)



Кампанія па назіранні “Права выбару” будзе ажыццяўляць назіранне больш чым на сямідзесяці выбарчых ўчастках у Гарадзенскай вобласці падчас прэзідэнцкіх выбараў. Усе назіральнікі прайшлі адпаведнае навучанне і гатовыя да працы як падчас датэрміновага галасавання, так і ў дзень выбараў.

saranchukou7-800x400-800x400Як зазначае кіраўнік Гарадзенскай абласной арганізацыі партыі Беларускі Народны Фронт Вадзім Саранчукоў, папярэдні маніторынг выбарчага працэсу сведчыць пра тое, што палітычная кампанія ў рэгіёне праходзіць пад пільным кантролем уладаў:

– Мы вылучалі нашых прадстаўнікоў у тэрытарыяльныя камісіі, ва ўчастковыя камісіі. Сёння гэтыя прадстаўнікі не ўключаныя, і асноўная прычына адмоваў – гэта нібыта адсутнасць досведу працы ў камісіях. Ужо адно гэта можа казаць, што камісіі будуць працаваць без кантроля. І тыя назіральнікі, якія будуць на ўчастках, фактычна будуць пазбаўленыя магчымасці рэальна назіраць за працэсам галасавання і за падлікам галасоў.

Акрамя кампаніі “Права выбару” назіранне за прэзідэнцкімі выбарамі на Гарадзеншчыне ажыццяўляе шэраг незалежных ініцыятываў, такіх як “Праваабаронцы за свабодныя выбары” і  грамадзянская кампанія “За справядлівыя выбары”. Асобна назіраннем за выбарчым працэсам займаюцца таксама сябры арганізацыйнага камітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя.

* * *

На Гарадзеншчыне сярод амаль 10 тысяч чалавек, якія будуць у час выбараў працаваць у складзе ўчастковых выбарчых камісій, – толькі адзін з’яўляецца сябрам недзяржаўнай арганізацыі. Усе астатнія – сябры такіх праўладных арганізацый, як Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, “Белая Русь”, арганізацыі ветэранаў і прадстаўнікі працоўных калектываў. Такая сітуацыя, на думку старшыні Гарадзенскай абласной арганізацыі партыі БНФ Вадзіма Саранчукова, сведчыць аб тым, што вынікі прэзідэнцкіх выбараў хутчэй за ўсё будуць прадказальнымі:

– Адкатаная сістэма фальсіфікацыі не можа дазволіць нават аднаго чалавека ў складзе камісіі з 13 чалавек. Таму што гэта лішні голас, лішні запіс у пратаколе нязгоды з тым вынікам, які будзе абвешчаны. Ужо на сённяшні дзень можна сказаць, што выбары ідуць па старым сцэнары без усялякіх дэмакратычных навацыяў.

Засведчыць фальсіфікацыі падчас прэзідэнцкіх выбараў на Гарадзеншчыне маюць намер чатыры ініцыятывы незалежнага назірання, якое будзе ажыццяўляцца як у дзень выбараў 11 кастрычніка, так і ў час датэрміновага галасавання, якое пачнецца 6 кастрычніка.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня