Выбарчая кампанія ў рэгёнах



Агітацыя кандыдатаў у дэпутаты ў мясцовыя саветы працягнецца да 17 лютага ўключна. За месцы дэпутатаў у Гомельскі гарсавет будуць змагацца 132 асобы.

Як распавёў назіральнік ад кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Леанід Судаленка, першапачаткова падавалі дакументы на рэгістрацыю 140 чалавек:

– Сярод палітычных партый лідарам па колькасці прэтэндэнтаў на дэпутацкі значак, з’яўляецца Ліберальна-дэмакратычная партыя, я вырашыў пасля пасяджэння наведаць офіс гомельскай абласной арганізацыі. Быў працоўны дзень, але на жаль офіс быў зачынены. То бок ідуць выбары, партыя вылучае кандыдатаў, лідзіруе, а офіс на замку. Я не змог паразмаўляць з нейкай адказнай асобай.

Намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскаай партыі Васіль Палякоў гаворыць, што кандыдаты ад яго партыі ідуць адной камандай:

– Аб’яднаная грамадзянская партыя ідзе на мясцовую кампанію з адзіным мэсыджам. Мы будзем казаць, што Беларусі надакучыла вертыкаль, Беларусь павінна пераходзіць да цывілізаванай сістэмы мясцовага самакіравання. Другая тэма – гэта неабходнасць правядзення рэформаў. Таму наша партыя прапаноўвала праграму „Мільён новых працоўных месцаў”.

Сярод вядомых асобаў у Гомелі пасведчанне кандыдата ў дэпутаты атрымалі блогер Максім Філіповіч, старшыня гомельскай філіі партыі “Справядлівы свет” Уладзімір Сякерка. А таксама сябра АГП і фрылансер, які мае найбольшую колкасць штрафаў за адзнятыя відэасюжэты, Кастусь Жукоўскі. А вось намеснік старшыні партыі “Зялёныя” Юры Глушкоў, які вылучаў сваю кандыдатуру ў прэзідэнты ў 2010, атрымаў адмову ў рэгістрацыі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель