Выбарчая цэнзура



„Маладзечанская газета” «прапанавала» адцэнзураваць праграму кандыдата, абы чаго не выйшла. Галоўны рэдактар „Маладзечанскай газеты” Віталій Крупянькоў «прапанаваў» кандыдату ў дэпутаты Валянціну Цішко прыбраць першы сказ праграмы Руху «За Свабоду», дзе гаворыцца пра адсутнасць дэмакратыі і свабодных выбараў у Беларусі.

Каб выбарцы маглі азнаёміцца з астатнімі пунктамі праграмы Руху «За Свабоду», кандыдат Валянцін Цішко пайшоў на кампраміс з выданнем і прыняў праўкі:

– Рэдактар „Маладзечанскай газеты” папрасіў прыбраць з маёй праграмы словы аб тым, што на сёння ў Беларусі няма дэмакратычных выбараў. Пагадзіўся з гэтым для таго, каб хоць нейкая праграма выйшла ў друк. Хутчэй ха ўсё, я так думаю, што тут не ўказ зверху, як было ў некаторых кандыдатаў у дэпутаты, выступы якіх знялі з-за слоў «Лукашэнка і імпічмент». Тут, хутчэй за ўсё, чалавек перастрахоўваецца, бо калі што – па шапцы атрымае ён.

Публікацыя праграмы Руху «За Свабоду» і кандыдата ў дэпутаты Валянціна Цішко ў „Маладзечанскай газеце” запланаваная на сераду 30 кастрычніка. Заснавальнікамі выдання з’яўляюцца Маладзечанскi раённы выканаўчы камiтэт і Маладзечанскi раённы Савет дэпутатаў.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя