Выбарчы кодэкс застанецца без зменаў?



Cустаршыня кампаніі „За справядлівыя выбары” Віктар Карняенка распавядае пра тое, што могуць, а што не могуць змяніць у выбарчым законе беларускія ўлады.

У БДІПЧ мяркуюць, што ўлады Беларусі гатовыя рэалізаваць шэраг рэкамендацый справаздачы да чарговых (парламенцкіх) выбараў, якія павінны прайсці не пазней за 11 верасня 2016 года.

Тым часам старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла, што зменаў выбарчага заканадаўства ў Беларусі бліжэйшым часам не будзе. Дык ці гатовы ўлады зрабіць першыя крокі ў гэтым кірунку?

Віктар Карняенка: Зразумела, што сёння беларуская ўлада вельмі хоча спадабацца Захаду. Гэта відавочна, і гэта ўзаемнае жаданне. Еўропа ў сёняшняй геапалітычнай сітуацыі таксама не хоча канфліктаваць з Беларуссю. Таму з беларускага боку пачаліся нейкія целарухі, заявы прыслухацца да рэкамендацый АБСЕ… Але, на мой погляд, нічога, акрамя імітацыі, не будзе. Бо ў тым жа выбарчым заканадаўстве не трэба нічога змяняць – трэба проста карыстацца дзеючымі законамі і дакладна выконваць працэдуры: падлік галасоў і ўсё астатняе. Па нашым заканадаўстве, можна правесці нармальныя выбары ў любой дэмакратычнай краіне. Таму зараз можна спрагназаваць, што будуць камісіі, нейкія дыскусіі і нават касметычныя змены, будуць парады выканкамам больш уключаць прадстаўнікоў апазіцыі ў выбарчыя камісіі. І ўсё гэта – як парады. Магчыма, нават падвысяць адсотак прадстаўнікоў апазіцыі ў камісіях. Было 30, а стане 60. Скажуць, што павялічылі прадстаўніцтва ў два разы. Але ж, па сутнасці, гэта нічога не змяняе. Змяніць можна наступнае: гарантаванае ўключэнне ў камісіі прадстаўнікоў партый, якія ўдзельнічаюць у выбарах; дакладна распісаная працэдура падліку галасоў і вынікаў галасавання.

РР: Да парламенцкіх выбараў могуць быць нейкія новаўвядзенні?

Віктар Карняенка: Думаю, з гэтай нагоды будзе больш слоў, чым спраў. А практыка правядзення выбараў не зменіцца. У некаторых ёсць памылковая пазіцыя, што, паколькі парламенція выбары – не прэзідэнцкія, то тут улады маглі б пайсці на нейкія змены. Але тады патрэбна змяняць сістэму. Натуральна, ніхто яе ламаць не будзе. Механізм правядзення выбараў адладжаны, на сёння ён працуе для ўладаў бездакорна. А Еўропе проста могуць паказаць нейкія спробы нешта змяніць. Але не больш за тое…

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя