Выбарчы сезон будзе надзвычай цяжкі ды небяспечны



Выбарчы сезон для беларускай нацыі і дзяржавы – надзвычай цяжкі ды небяспечны. «Бо з прэтэндэнтаў на кандыдаты ў прэзідэнты няма чалавека з патрыятычнымі поглядамі, які думае пра незалежнасць і дабрабыт нашай краіны», – заўважае прафесар Алесь Астроўскі, рэдактар сайта «Беларусь – наша Зямля».

Ён з сумам кажа, што для гэтага няма шэрагу чыннікаў, якіх пазбавілі беларускі народ улады, спецслужбы, а таксама заходнія і ўсходнія краіны-суседзі.

– Ніякая здаровая нармальная грамадска-палітычная сіла, патрыятычная, падняцца не можа, заявіць пра сябе, нават хаця б арганізавацца дзеля таго, каб пачаць збіраць подпісы. Для гэтага патрэбныя рэсурсы, для гэтага патрэбныя людзі. Усе падобныя цэнтры крышталізацыі, дзе збіраліся групы такіх патрыятычна настроеных людзей, знішчаліся ў першую чаргу вось гэтай лукашэнкаўскай бюракратыяй, яе спецслужбамі. Знішчаліся расейскімі спецслужбамі, заходнікамі, якія разбэшчвалі моладзь грашовымі падачкамі, дэмаралізавалі яе.

Гібрыдны аншлюс Беларусі сіламі Расейскай федэрацыі можа перайсці ў актыўную фазу, у так званы мёртвы палітычны сезон, які прыпадае на жнівень месяц, – мяркуе Алесь Астроўскі. Настроі так званага «рускага міру» апаноўваюць сілавыя структуры, войска, чынавенства.

Кажа Алесь Астроўскі:

– У крытычны момант, калі будзе яшчэ арганізаваная нейкая дыверсія, калі Лукашэнка па той ці іншай прычыне выпадзе з інфармацыйнай прасторы на некалькі дзён, захварэе, напрыклад, ці аслабне, што ў гэты час будзе адбывацца? Могуць адбывацца самыя небяспечныя падзеі. Я іх проста вось неяк прадбачу.

Як прагназуе Алесь Астроўскі, слоган, які могуць выкарыстаць агенты расейскай імперыякратыі, якія стануць кандыдатамі ў прэзідэнты, будзе гучаць: «Галасуйце за каго заўгодна – толькі не за Лукашэнку».

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя