Выбарчыя камісіі фармаваліся па старых прынцыпах



У фармаванні выбарчых камісій нічога не змянілася з 2010 года. Пра гэта заявіў у Менску адзін з кіраўнікоў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», намеснік цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч. Паводле дадзеных назіральнікаў, як і ў 2010 годзе, арганізатарамі выбараў у Беларусі застаецца «цудоўная пяцёрачка» з праўладных аб’яднанняў і прафсаюза: БРСМ, «Белая Русь», Беларускае аб’яднанне ветэранаў, Беларускі саюз жанчын і Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Прадстаўнікі «пяцёркі» складаюць каля 40% ад агульнай колькасці сяброў тэрытарыяльных і крыху больш за 35% ад участковых выбарчых камісій.

– Калі мы глянем на палітычныя апазіцыйныя партыі, то пабачым, што, напрыклад, у ТВК праходнасць склала 15% ад вылучаных імі ў камісіі, а ва УВК – увогуле 6%. Што значна менш, чым у 2010 годзе. Там ва ўчастковыя камісіі трапіла 17% ад апазіцыйных партый.

Што да збору подпісаў, то парушэнняў амаль не было: адзінкавыя нязначныя выпадкі, – як кажуць праваабаронцы. Акрамя таго, што збор подпісаў за прэтэндэнта Аляксандра Лукашэнку вёўся з максімальным выкарыстаннем адміністратыўнага рэсурсу.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск