Выбарчыя ўчасткі „зачышчаюць” ад назіральнікаў
Журналіст газеты „Новы час” Арцём Лява быў выдалены з участка №33 у Менску. Кіраўніцтва выбарчай камісіі склала на яго акт нібыта за парушэнні. А раней, 9 кастрычніка ён быў пазбаўлены акрэдытацыі назіральніка на ўчастку №29.
Па меркаванню Арцёма Лявы, магчымаа гэтыя 2 выпадкі звязаны:
– Я магу толькі здагадвацца, бо насамрэч тыя прычыны абсалютна выдуманыя, якія нам напісалі ў пратаколе. У мяне такое падазрэнне, магчыма з-за таго, што я напісаў скаргу ў ЦВК, учора падаў і прыклаў матэрыялы, якія паказваюць хлусню сябраў камісіі з папярэдняга 29-га ўчастка. Магчыма, што такое ім далі ўказанне. На павышаных танах размаўляў са мной старшыня, 33 участак Агулік Дзмітрый Мікалаевіч.
Сваё выдаленне з участку Арцём Лява намераны абскардзіць у пракуратуры. Па яго словах, маюцца сведкі з ліку назіральнікаў, якія могуць пацвердзіць, што выдаленне было незаконным.
Падобны выпадак меў месца і ў Берасці, дзе з выбарчага ўчастка №7 быў выдалены незалежны назіральнік Уладзімір Вялічкін. Прычынаю таму стала разыходжанне выніковых лічбаў колькасці прагаласаваўшых грамадзянаў на датэрміновым галасаванні. Сябры камісіі палічылі, што назіральнік перашкаджае іх працы і стварае канфліктную сітуацыю:
– З сеткі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” па рэспубліцы іх каля 400, я выдалены першым. Прыкра канешне, што да такога ўзроўню ў нас адладжана сістэма абясшкоджвання незалежных назіральнікаў. Камісія, з якой мяне выдалілі, складаецца часткова з работнікаў дзіцячага садка №53 горада Берасця. Узначальваецца камісія загадчыцай гэтага садка Ірынай капыловай.
Як адзначыў Уладзімір Вялічкін, усе астатнія назіральнікі, як і сябры камісій з’яўляюцца супрацоўнікамі аднаго і таго ж дзіцячага садка, проста прадстаўлены або зарэгістраваныя ад розных арганізацый і ўстаноў.
Беларускае Радыё Рацыя