Выбаршчыкам не агалосяць вынікі выбараў па ўчастках



Выбаршчыкі Баранавіч так і не даведаюцца вынікаў выбараў па кожным выбарчым участку. Як Баранавіцкі гарадскі выканаўчы камітэт, так і Берасцейскі абласны выканаўчы камітэт зрабілі з гэтага таямніцу. Праваабаронца Сяргей Гоўша – адзін з ініцыятараў заявы ў гэтыя ўстановы з просьбай надрукаваць такія звесткі. І ён палічыў адмову як спробу схаваць фальсіфікацыі. Кажа Сяргей Гоўша:

– Улады – як гарадскія, так і абласныя – баяцца надрукаваць гэтыя вынікі. Бо ў час прэзідэнцкіх выбараў мы злавілі, як кажуць, за руку баранавіцкія ўлады, якія падрабілі выніковы пратакол на адным з выбарчых участкаў.

На 36 выбарчым участку за Лукашэнку у выніковым пратаколе ў тэрытарыяльнай камісіі дабавілася 280 галасоў, а за Таццяну Караткевіч зменшылася на 150 галасоў. Ні Следчы камітэт, ні ЦВК не зацікавіліся такім фактам, хаця туды былі пададзены заявы сябрам тэрытарыяльнай выбарчай камісіі Віктарам Сырыцам.

Беларускае Радыё Рацыя, Баранавічы

Фота БелТА