Выбары без выбараў працягваюцца



Чаму Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу не зарэгістравалі кандыдатамі ў прэзідэнты каментуюць слонімскія грамадскія актывісты Віктар Марчык, Іван Бедка і Алесь Масюк.

Віктар МАРЧЫК:

– Гэтыя кандыдаты на выбарах ўяўлялі сабой сур’ёзную пагрозу Аляксандру Лукашэнку. Калі пачаўся збор подпісаў за Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу, то Лукашэнка нават у страшным сне не мог прысніць, што будуць стаяць вялікія чэргі па некалькі гадзін у дождж і ў гарачыню дзеля таго, каб паставіць подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў, але толькі не за Лукашэнку. Тады Лукашэнка адчуў першы неапісальны страх і рэальную магчымасць згубіць любімае крэсла прэзідэнта. Мае словы падцвярджаюцца тым, як ён рэзка і ў негатыўнай, абражаючай форме, стаў казаць пра альтэрнатыўных кандыдатаў, якія маюць найвялікшую падтрымку ў беларускага народа. Гэтым самы ён дыкрэдытаваў сябе яшчэ больш у вачах грамадскасці, але пра гэта ён не задумваўся, таму яго несла далей і далей у сваіх хамскіх абразах не толькі кандыдатаў, але і грамадзян Беларусі. А папулярнасць гэтых кандыдатаў з кожным днём павялічвалася. І Лукашэнка толькі змог з імі справіцца сілавым і махлярскім метадамі. Святлану Ціханоўскую зарэгістравалі, але пры гэтым пакінулі яе мужа Сяргея Ціханоўскага ў закладніках для таго, каб трымаць яе на кароткім “павадку”. Але я думаю, што ў Лукашэнкі гэта не атрымаецца. Вельмі спадзяюся, што ў Святланы знойдуцца сілы і мужнасць супрацьстаяць ціску Лукашэнкі і яго памагатым. А мы ёй дапаможам перамагчы.

Іван БЕДКА:

– На маю думку, была дадзена каманда іх не рэгістраваць. Тым часам, іншым кандыдатам нават дабавілі подпісы, накінулі іх яшчэ. Некаторыя кандыдаты нават самі былі здзіўлены гэтаму. Я лічу, справа тут зусім не ў нейкай там карупцыі з боку Бабарыкі, якой да гэтага часу ўлада не бачыла, калі яна там насамрэч была. Проста ўлада напалохалася вялікай актыўнасці грамадзян, якія так масава сталі падтрымліваць новых кандыдатаў. Яны маглі б скласці канкурэнцыю асноўнаму кандыдату. Хаця жыхарам Беларусі даўно вядома, што выбары ўсё роўна будуць сфальсіфікаваныя на карысць Лукашэнкі. І гэта фальсіфікацыя працягваецца. Выбары без выбараў.

Алесь МАСЮК:

– Рэйтынг Лукашэнкі вельмі нізкі, бо беларусы стаміліся ад яго за 26 год і жадаюць перамен. Таму ўлада і баіцца сур’ёзных канкурэнтаў на выбарах, з гэтай прычыны і адмовілі ў рэгістрацыі двум найбольш моцным кандыдатам Віктару Бабарыку і Валерыю Цапкалу.

Арганізаваная злачынная групоўка, якая доўгі час кіруе нашай краінай, хоча кіраваць намі вечна і ім напляваць на ўсе законны і здаровы сэнс. І яны будуць рабіць усё, каб утрымаць уладу любымі сродкамі. Аднак нас 97%, і мы павінны спыніць іхняе беззаконне. Нам не трэба ніякіх рэвалюцый, мы хочам чэсных і справядлівых выбараў. Аднак улады вымушаюць нас сваё права на годнае жыццё бараніць на мірных акцыях пратэсту і на выбарах.

Беларускае Радыё Рацыя